Экспэрымэнт ад The Blackmail: акустычны лайв-сэт (відэа)

Менскі гурт The Blackmail прэзэнтуе акустычны лайв-сэт, у які ўвайшлі тры відэа, запісаныя адмыслова для сайта Ultra-Music. Чаргуючы пастаянныя канцэрты і працу над дэбютным альбомам, гурт The Blackmail вырашыў пайсьці на невялікі экспэрымэнт і запісаць некалькі сваіх песень у акустычным варыянце.

«Нам захацелася зрабіць нешта незвычайнае, але і не хацелася радыкальна зьмяняць гучаньне песень, — кажа вакаліст гурта Максім Кульша. — Аранжыроўкі зрабілі даволі лёгка — такі досыць мінімалістычны гук не патрабуе асаблівых часавых выдаткаў. Ды і сам працэс запісу прайшоў лёгка і хутка».

«Нам было цікава паспрабаваць. Акустычныя вэрсіі песень — нармальная практыка, так робяць многія гурты», — лічыць бубнач гурты Артур Гранік.

Для гэтага праекта былі выбраны тры песьні (спампаваць mp3) — «Captain of Lonely Heart», «To the Forest» і «Alone».

«Вырашылі ўзяць па адной песьні з нашых дыскаў (EP, сынгла і будучага альбома), — тлумачыць выбар гітарыст Юрый Скапец. — Работа над імі прайшла хутка і не ператварылася ў карпатлівую працу. Атрымалася цікава не толькі сыграць, але і паслухаць вынік».

Запіс гуку і відэа праходзіў непасрэдна на рэпэтыцыйнай студыі MapleTree Studio, таму на відэа можна пабачыць, як звычайна праходзяць будні гурта.

«Гэта відэа прыкладна адлюстроўвае працэс нашай працы на рэпэтыцыях і ў студыі. Прыкладна толькі таму, што мы гуляем трохі агрэсыўней і, адпаведна, зьмяняецца гук, паводзіны ўдзельнікаў гурта, падача», — кажа басіст гурта Вячаслаў Севасьцьянавіч.

«Але за кадрам засталіся абмеркаваньні, спрэчкі і бойкі» — сьмяецца Максім.

Пакуль жа ў бліжэйшых плянах гурта скончыць запіс альбома і зьняць кліп на адну з песень.

«Праца над альбомам і так парадкам зацягнулася па розных прычынах, — тлумачыць Максім. — Па-першае, мы вырашылі выкінуць тры песьні з альбома і прыдумалі ўзамен тры новых. І гэта не лічачы яшчэ некалькіх песень, якія мы забракавалі проста ў момант складаньня. Па-другое, мы не адмаўляем сабе ў канцэртах, а падрыхтоўка да іх таксама займае час. Акрамя таго, калі наступае нейкі ступар у працы над песьнямі, то мы можам даць сабе час нешта перапрацаваць, прадумаць. Іншымі словамі мы не сьціснутыя часовымі рамкамі ў стварэньні альбома. Галоўнае, каб саміх нас усё задавальняла».

Бліжэйшы выступ гурта адбудзецца на фэсьце Rocking City 17 лютага ў «Рэактары» разам з гуртамі «Петля Пристрастия», The Fantastiques, ScreenShot band і The Pils.

11:00, 11/02/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0566 seconds.