Беларускі і расейкі — самыя поўныя ў Эўропе

Усходнія славянкі вылучаюцца сярод іншых эўрапеек сваімі памерамі. Тое адзначылі аўтары адпаведных дасьледаваньняў. Паводле іх, 2 з 3 беларусак маюць лішнюю вагу, хаця гэта не мяжа. На выспах Ціхага акіяну да 90% жанчын маюць праблемы з вагой.


Photo: Flickr (Colin Rose)

Навукоўцы з амэрыканскага Гарвардзкага ўнівэрсытэту і брытанскага Імпэрскага каледжу вывучылі дадзеныя аб індэксе масы цела (ІМЦ), узроўні халестэрыну і крывяным ціску людзей па ўсім сьвеце з 1980 па 2008 год. Вынікі несуцяшальныя: кожны дзевяты зямлянін пакутуе на атлусьценьне, піша BBC.

Па дадзеных дасьледчыкаў, адныя з самых поўных жанчын у Эўропе жывуць у Расеі і ў Малдове. Іх індэкс масы цела (суадносіны вагі чалавека зь яго ростам у квадраце) перавышае 27 кг/кв. м. (Нармальным лічыцца ІМЦ на ўзроўні ад 18,5 кг/кв. м. да 24,99 кг/кв. м.). Украінкі крыху адстаюць ад суседак — іх ІМЦ налічылі ў 26.1, што ўсё роўна вышэй за норму.

На жаль, аналягічных дадзеных пра беларусак няма. Аднак вядома, як у 2010 годзе Сусьветная арганізацыя аховы здароўя высьветліла, што ў СНД беларускі занялі першае месца па адсотку поўных людзей. 63.7% мужчын і 69.9% жанчын у Беларусі мелі тады праблемы з вагой, то бок ІМЦ болей за 25.

Што цікава, самыя поўныя мужчыны Эўропы жывуць у краінах, якія славяцца сваім півам: Ірляндыі і Чэхіі. А самыя поўныя людзі на Зямлі, калі верыць працы амэрыканскіх і брытанскіх навукоўцаў, гадуюць свае страўнікі на выспах Ціхага акіяну: тут сярэдні ІМЦ складае 34–35 кг/кв. м.

Хто на сьвеце ўсіх тлусьцейшы?

  • Самыя поўныя жанчыны Эўропы: Расея, Малдова
  • Самыя худыя жанчыны Эўропы: Швэйцарыя, Францыя, Італія 
  • Самы хуткі рост сярэдняга ІМЦ: ЗША; Новая Зэлчндыя і Аўстралія (жанчыны), Вялікабрытанія (мужчыны) 
  • Самыя поўныя людзі Зямлі: жыхары Ціхаакіянскіх выспаў

«А дзе ж амэрыканцы і амэрыканкі?» — спытаеце вы. Пакуль што ім далёка да чэмпіёнаў, але да найвышэйшых паказчыкаў амэрыканкі набліжаюцца шпарчэй за ўсіх. У ЗША, а таксама ў Новай Зэляндыі і Аўстраліі сярэдняя жанчына становіцца ўсё болей поўнай. Мабыць, ім варта павучыцца ў італьянак: вотчына спадара Бэрлусконі стала адзінай краінай Эўропы, дзе ўзровень сярэдняга ІМЦ за апошнія гады толькі ўпаў.

Адна з праблем, якая ўзьнікае ў выніку залішняй вагі — падвышэньне крывянога ціску. У Балтыйскім рэгіёне, а таксама ў некаторых краінах Афрыкі ён самы высокі ў сьвеце.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0904 seconds.