Інтэрнэт дасягнуў крытычнай кропкі
Карпарацыя ICANN абвясьціла аб «дасягненьні крытычнай кропкі ў гісторыі Інтэрнэт». Справа ў тым, што скончыліся свабодныя IP-адрэсы. Той, хто распрацоўваў некалі пратакол IPv4 ня мог і ўявіць, што 4.2 мільярда адрэсаў кшталту 92.61.37.117 можа калі-небудзь не хапіць чалавецтву.
Цяпер даўно распачаты паступовы пераход на IPv6 будзе больш хуткім і вымушаным, бо далейшы рост глябальнай сеткі іначай не магчымы.
Апошнія блёкі адрэсаў IPv4 міжнародная арганізацыя ICANN разьмеркавала паміж пяцьцю рэгіянальнымі інтэрнэт-рэгістратарамі. Па словах Рода Бекстрома, прадстаўніка кіраўніцтва ICANN, неабходнасьць пераходу на IPv6 не стала чымьсці нечаканым.
«Гэтая навіна нікога не застала знянацку. Інтэрнэт-супольнасць даўно рыхтавалася да сканчэньня рэсурсаў IPv4 » — паведамляюць у адмысловым прэс-рэлізе ICANN
Чакаецца, што на разьмеркаваньне існай адраснай прасторы IPv4 у рэгіянальных рэгістратараў сыдуць тыдні або некалькіх месяцаў.
Далейшае пашырэньне Сеціва будзе магчымае з дапамогай тэхналёгіі NAT, празь якую да аднаго IP-адрасу прывязваюцца мноства кліентаў. Аднак і гэта ня здолее замяніць пераход на IPv6.
Новы пратакол дазволіць прадаставіць 340,282,366,920,938,463,463,374,607,431,768,211,456 адрэсаў.
IPv6 падтрымліваецца ўжо досыць даўна новымі прыладамі і сыстэмамі. Але рэарганізацыя запатрабуе мільярдных інвэстыцыяў і зацягнецца на некалькі гадоў мяркуюць у ICANN.
Па дадзеных Google, цяпер толькі 0,25% прыладаў далучаюцца ў Інтэрнэт праз IPv6.