Польшча згодная прыняць беларускіх адлічаных студэнтаў
Польшча заявіла аб гатоўнасьці даць магчымасьць беларускім студэнтам, «выключаным зь беларускіх навучальных установаў за ўдзел у маніфэстацыях супраць існуючага рэжыму», бясплатна давучыцца ў Польшчы. Міністар адукацыі гэтай краіны ўжо выступіла з адпаведнай заявай, дадаўшы, што адпаведнае фінансаваньне таксама будзе забясьпечанае.
Прафэсар Барбара Кудрыцка, міністар навукі і вышэйшай адукацыі Польшчы, назвала ў звароце, зьмешчаным на афіцыйным сайце міністэрства, «выклікаючымі занепакоенасьць» дзеяньні беларускіх уладаў у парушэньні правоў і грамадзянскіх свабодаў. Яна заклікала ВНУ Польшчы «да салідарнасьці» ў справе дапамогі рэпрэсаваным студэнтам зь Беларусі:
«Прашу шаноўных Рэктараў і Дэканаў разглядзець магчымасьці прыняцьця на бясплатную адукацыю ў нашы навучальныя установы студэнтаў, выключаных зь беларускіх ВНУ за ўдзел у маніфэстацыях супраць існуючага рэжыму» , — заявіла Прафэсар Кудрыцка.
«Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі дэкляруе сваю гатоўнасьць дафінансоўваць кошты жыцьця беларускіх студэнтаў у Польшчы, а ў супрацоўніцтве з МЗС падтрымку ў іншых арганізацыйных справах», — дадала яна.
Кожны сёмы затрыманы ў час мітынгу 19 сакавіка 2010 году — студэнт ці навучэнец, прычым 16% з затрыманых — маладыя людзі ад 18 да 20 гадоў. Агулам па дадзеных МУС за ўдзел у акцыі 19 сьнежня былі затрыманыя 639 чалавек.
У 2006 годзе Польшча таксама падтрымала адлічаных беларускіх студэнтаў, аб чым Аляксандр Мілінкевіч абвясьціў яшчэ да разгону Плошчы.
Агулам з 2006 па 2008 год 540 беларусаў адправіліся атрымліваць вышэйшую адукацыю за мяжой з дапамогай Камітэту абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць». Найбольш папулярным накірункам сярод студэнтаў аказаліся Польшча і Літва. Так, заходняя суседка Беларусі прыняла за тры гады 377 маладых людзей.