«Яны разганялі натоўпы, але ўпершыню фізычна зьбівалі людзей і не давалі магчымасьці сысьці»
Так можна распавесьці і пра сучасны Менск, хоць цытата пра падзеі ў Празе 1989 году. Беларусь ужо тыдзень ліхаманіць. Ці ліхаманіць Менск, дзе працягваюцца арышты і вобшукі на кватэрах актывістаў і журналістаў. А краіна «за кальцавой» жыве ў прасторы афіцыйных тэлеканалаў і расповедаў пра тысячу «штукароў масавых беспарадкаў». Трапіўшы на выходныя ў вёску на Палесьсі, дзе давялося распавядаць і паказваць, што насамрэч адбываецца ў Менску, я і ўзгадала нашу колішнюю размову з чэхам Онджэем Соўкупам. У 1989 годзе ён быў звычайным студэнтам першага курса гістфаку ў Празе і ўдзельнікам той самай акцыі на Дзень студэнта, калі былі зьбітыя пад тысячу мірных жыхароў. Онджэй тады вярнуўся дадому з сутрасеньнем мозгу, аднак цяпер узгадвае, што тады пачало «трэсьці» ўсю краіну.
Падзеі ў Чэхаславакіі напрыканцы 1989 году пачаліся з студэнцкай акцыі 17 лістапада. Тады некалькі факультэтаў выйшлі на вуліцы, а зь некаторых большасьць студэнтаў проста зьехала дадому. Каля 15 тысячаў студэнтаў выйшла на акцыю, а самыя актыўныя зь іх рушылі на Вацлаўскую плошчу. Аднак па шляху паліцыя перагарадзіла дарогу і пакінула толькі вузкае выйсьце для адыходу назад, дзе дэманстрантаў жорстка зьбівалі. Пазьней незалежныя мэдыкі паведамілі пра 568 параненых, пайшлі чуткі пра забітых.
Дагэтуль дзяржаўная прэса апісвала ўсе дэманстрацыі як нейкія беспарадкі, якія ладзяць дзеці буржуяў і аплачвае захад. Як узгадваюць тагачасныя актывісты, народ збольшага верыў. Аднак пасьля дэманстрацыі
Онджэй Соўкуп тады быў звычайным студэнтам першага курса гістарычнага факультэту ў Празе. Цяпер Онджэй працуе журналістам. Мы сустрэліся зь ім у кавярні ў самым цэнтры Прагі, поўнай бесклапотных турыстаў. Гісторыкам па прызваньні Онджэй так і ня стаў. А цяпер, праз 20 гадоў пасьля тых лістападаўскіх падзеяў, працуе журналістам. Аднак з гістарычнай дакладнасьцю ўзгадвае настроі і падзеі таго часу.
— Тады мы не чакалі, што нешта зьменіцца, гэта была чарговая дэманстрацыя, прымеркаваная да Міжнароднага дня студэнта і
50-й гадавіны дэманстрацыі супраць нацыстаў. Гэта была дазволеная акцыя, бо незалежная студэнцкая арганізацыя дамовілася з камсамольцамі, якія таксама хацелі зрабіць якуюсьці акцыю. Па падліках КДБ прыйшло болей 15 000 студэнтаў. Гэта была пятніца, і многія несталічныя студэнты разьехаліся па дамох. Аднак калі я туды прыйшоў, адразу зразумеў, што ўвесь натоўп супраць існага рэжыму. Калі выступаўхто-небудзь з камсамольцаў — яго асьвіствалі. Там быў таксама ўдзельнік дэманстрацыі 1939 году, якая скончылася забіцьцём двух студэнтаў і закрыцьцём усіх ВНУ, і ён нам казаў, што вельмі задаволены, што мы змагаемся за тыя ж ідэалы свабоды і дэмакратыі, за якія яны змагаліся 50 год таму.
«Мы хацелі пайсьці на Вацлаўскую плошчу, бо гэта сымбаль»
— Потым мы пайшлі ў Вышэград — гэта такі чэскі Пантэон, там усё і скончылася. Але натоўп рушыў на Вацлаўскую плошчу — там адбываліся ўсе папярэднія акцыі з пачатку 1988 году, таму гэта было сымбалічна. Хто кантралюе Вацлаўскую плошчу — той кантралюе краіну. Але там паліцыя спрабавала абрэзаць нам шляхі. У выніку мы прайшлі на Нацыянальны праспэкт — вуліца, якая ўпіраецца ў Вацлаўскую плошчу. А там нас ужо чакалі спэцназаўцы зь вялікімі дубінамі. Мы там сьпявалі гімн і ўсё выглядала дастаткова спакойна.
Але ззаду пад’ехала два
БТР-ы зь вялікімі сеткамі і рэшту людзей (тысячы дзьве з паловай) ўзялі ў кляшчы. Сысьці адтуль было немагчыма — гэта пры тым, што з «мацюгальніка» чулася «паважаныя грамадзяне, просім разыходзіцца…» Мы крычалі — як сысьці? Пасьля яны зрабілі такі праход — з абодвух бакоў былі міліцыянты, якія білі дубінкамі ўсіх, хто прабягаў. Гэта было страшна, гэта было экстрэмальна — дагэтуль паліцыя ніколі не вяла сябе так. Так, яны разганялі натоўп, і з вадамётамі, але каб фізычна караць людзей і ня даць магчымасьці сысьці — такога ніколі ня было.
Мне там разьбілі галаву. Я памятаю толькі першы ўдар. Потым я заўважыў каменьчыкі на далонях — значыць, я так прапоўз на карачках па гэтым калідоры, потым урэзаўся ў аднаго зь міліцыянтаў. Калі я ачуняў, то хутчэй пабег адтуль. Мне было кепска. Калі я прыйшоў дадому, мне мая
14-гадовая сястра кажа: о, у цябе ўся куртка ў крыві. Я ёй казаў яшчэ крыху дрыжачым голасам, што гэта ня мяне нехта брызнуў і што яна не ўяўляе, што там было. А яна кажа: не, гэта ў цябе з галавы цячэ. Наступны дзень я правёў дома, мяне ванітавала, было сутрасеньне мозгу, але я не пайшоў да доктара, бо баяўся перасьледу і што могуць «нагрукаць».
Я тады быў студэнтам першага курса і баяўся, каб маё навучаньне ня скончылася пасьля першых двух месяцаў. Ужо ў нядзелю мне патэлефанаваў сябра і кажа — у панядзелак мы едзем не на латынь, а зьбіраемся ў галоўнай залі і пачынаем забастоўку. У панядзелак я прыйшоў, паглядзеў, што гэта сур’ёзна — вярнуўся дадому за спальнікам і прыйшоў на факультэт. Вярнуўся дадому я ўжо толькі пасьля новага году.
Пазьней Чэхаславакію чакалі гады адбудоўваньня краіны і няпростых рэформаў. Аднак лістапад 1989 году зруйнаваў камуністычны рэжым. Онджэй у палітыку не падаўся, а сябе тагачаснага ўзгадвае як звычайнага студэнта. Вярнуўся ва ўнівэрсытэт, атрымаў дыплём, аднак па спэцыяльнасьці не затрымаўся. А цяпер працуе журналістам у вядомым чэскім выданьні і ня раз наведваў Беларусь.
— Першы раз быў у Беларусі ў 1999 годзе, быў шакаваны — падавалася, што гэта Чэхаславакія 1988 году. У прынцыпе, рэжым ужо не такі людажэрны, але калі ты пераступаеш пэўную мяжу — цябе могуць арыштаваць. Мне падаецца, тым 10% сучасных чэхаў, якія галасуюць за камуністаў, трэба праплаціць пуцёўку на Беларусь, каб яны ўзгадалі, як гэта было. Легітымнасьць нашага рэжыму трымалася толькі на танках.