Лявон Вольскі прэзэнтуе песьню па-француску

Лявон Вольскі напісаў песьню на Эйфелевай вежы, а потым пераклаў яе… з французскай мовы на беларускую! Сёньня, напярэдадні канцэрту «Белай яблыні грому» 16 сьнежня, Лявон прэзэнтуе незвычайны сынгл — песьню «Хай будзе дзень». Незвычайны — бо яна падаецца адразу ў двух варыянтах, па-беларуску і па-француску (адпаведна «Vive Le Matain!»). Чаму па-француску?

«Я вучыў францускую ў школе, — кажа Лявон. — І ня тое, каб занадта шмат ужываў яе пасьля… Але як давялося быць у Парыжы, дык пагаварыў крыху з парыжанамі і парыжанкамі. Будзеце сьмяяцца, але толькі ў трэці прыезд у Парыж патрапіў на Эйфэлеву вежу! Першыя два разы была такая чарга, што завярнуліся і пайшлі. Трэці раз чарга была ня меншая, але было б недарэчна і трэці раз не патрапіць. Мужна адстаяў некалькі гадзінаў. У часе гэтага стаяньня пачаў згадваць розныя францускія вершы, сьпевы, мэлёдыі…»

Тут прыйшла чарга набываць квіток. Высьветлілася, што Вольскі стаў не ў тую чаргу — і трэба падымацца… пехам! Бо на адной «назе» вежы ёсьць ліфт, на другой — толькі лесьвіца.

«Недзе на 87-й прыступцы я зразумеў, што радкі, якія круцяцца ў галаве, гэта ня верш з падручніка, а нешта маё ўласнае! Стаў напяваць сабе пад нос… Карацей, пакуль дабраўся да кабінэту Густава Эйфэля на самым версе — песьня была гатовая!..»

Як шчыры патрыёт, адразу па вяртаньні на Бацькаўшчыну Лявон пераклаў песьню на беларускую мову. Што атрымалася — паслухайце тут. А ўжывую пачуць можна будзе на канцэрце 16 сьнежня.

13:40, 15/12/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0587 seconds.