У БДУІР адчынілі бізнэс-інкубатар
У буйнейшым у краіне IT-унівэрсытэце адкрыўся студэнцкі бізнэс-інкубатар. Паводле яго стваральнікаў, гэта першая творчая пляцоўка для студэнтаў, якая дазволіць ім знайсьці парады і грошы на ўласныя «сьмелыя ідэі», а цяперашнім бізнэсмэнам — падрыхтаваць сваю зьмену і «будучае пакаленьне інтэлектуальнай эліты». Вырошчваць нашых Джобсаў і Цукербергаў будуць пры маральнай і грашовай падтрымцы беларускага Парку высокіх тэхналёгій і ІТ-прадпрымальнікаў. На адкрыцьці інкубатару пабываў адзін з галоўных мэдыягерояў мінулага тыдня — дырэктар Парку высокіх тэхналёгіяў Валеры Цэпкала.
Рэктар Міхаіл Батура ўскладае на інкубатар вялікія надзеі
Адкрыцьцё «першага ў краіне» і «даволі рызыкоўнага» праекту бізнэс-інкубатара пачалося зь пераразаньня зялёнай стужачкі рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі Міхаілам Батурай, студэнты якога і сталі першымі «насельнікамі» бізнэс-інкубатару.
«Я ўскладаю на гэты праект вельмі вялікія надзеі», — прызнаўся рэктар.
Выбар рэктару, падаецца, спадабаўся кіраўніку Парка высокіх тэхналёгіяў, які дзеля тлумачэньня новых мэтадаў узаемадзеяньня са студэнтамі паглыбіўся ў нашу нядаўнюю гісторыю (ці сучаснасьць?):
«Ва ўсім 20 стагодзьдзі, прынамсі ў нас, місія ўнівэрсытэту разглядалася ў выглядзе нейкай начыткі з боку выкладчыка. Адсутнічала эфэктыўная адваротная сувязь, — выкрыў галоўныя памылкі савецкай адукацыі Валеры Цэпкала. — А вось сэнс сучаснага ўнівэрсытэту — адукацыя праз узаемадзеяньне. Я так разумею, што БДУІР стаў на шлях сучаснага ўнівэрсытэту, каб выпрацаваць стаўленьне да адукацыі, якое існуе ў вядучых навучальных установах сьвету — Стэнфардзе, Гарвардзе».
Ідэя інкубатараў хоць і не такая старая, як Гарвард ці Стэнфард, але вядомая даволі даўна. Галоўная мэта ўдзелу прадпрымальнікаў у такіх ініцыятывах — інвэстыцыі ў маладыя праекты. А асноўная магчымасьць для ўдзельнікаў такіх праектаў — знайсьці рэсурсы для іх рэалізацыі.
«Наша студэнцкая элітная моладзь мае сотні тысячаў прапановаў, ідэяй і ініцыятываў. І іх трэба выслухоўваць, даваць нейкую рэальную абалонку для іх рэалізацыі», — патлумачыў матывацыю адкрыцьця бізнэс-інкубатару рэктар БДУІР Міхаіл Батура.
Па словах спадара Батуры, студэнцкай моладзі столькі, што БДУІР адчувае востры недахоп памяшканьняў (у гэтым годзе колькасьць студэнтаў унівэрсытэту дасягнула 15 тысячаў).
«Са студзеня будучага году пачынаем будаваць новы пяціпавярховы будынак. Калі вопыт інкубатара будзе пазытыўным і дынамічным, мы прыкладна паверх у гэтым новым будынку адвядзем інкубатару», — паабяцаў рэктар.
А пакуль «інкубатаршчыкам» знайшлі памяшканьне на самым апошнім — шостым паверсе корпусу БДУІР на вуліцы Гікала. Тут ёсьць працоўныя месцы, створаныя па інавацыйных тэхналёгіях, з вольнай пляніроўкай, круглым сталом і абавязковымі кампутарамі і хуткасным Інтэрнэтам. І да таго ж, самае галоўнае, магчымасьць атрыманьня кансультацый ад прасунутых гульцоў рынку.
Дырэктар ПВТ Валеры Цэпкала шукае новых Цукербергаў
«Ня даць згубіцца»
Галоўным спонсарам праекту стала кампанія «Сыстэмныя тэхналёгіі». Па словах яе кіраўніка Аляксандра Мукавозчыка, такім чынам бізнэс імкнецца падтрымаць творчую моладзь у межах буйнейшага ВНУ у сфэры IT.
«Калі мы плянавалі гэты праект, то хацелі падтрымаць студэнтаў, ня даць згубіцца ў межах навучальнага працэсу і цяжкім жыцьці, якое іх чакае пасьля сканчэньня ВНУ», — кажа ён.
Ня даць згубіцца ў гэтым сьвеце ўдзельнікам праекту высокія ІТ-кіраўнікі хочуць ужо зараз. Ужо пры першым позірку на праект, распрацаваны адной удзельніцай інкубатара, — дзьвюххвіліннай анімацыі «для беларускага гурта, які пакуль невядомы, але надзею падае», дырэктар ПВТ кінуў:
«Лічыце, што мы вашы першыя кліенты».
«Хм, а як жа тэматыка патрыятызму?» — запытаўся рэктар Батура.
«Дык гэта і ёсьць патрыятызм, — не даваў аніматарцы згубіцца перад рэктарам дырэктар ПВТ. — Не Мадонну ж яны будуць раскручваць!»
Калі Мадоньне пакуль прыйдзецца пачакаць, то інвэстары чакаць ня будуць. У тым выпадку, калі цяперашнія студэнты, што тусуюцца ў інкубатары, праз год не прадэманструюць посьпехаў, на іх месцы могуць прыйсьці новыя людзі.
«Звычайна інкубатар працуе такім чынам — людзям даецца год, рэсурсы, каб яны падрыхтавалі праект да разьвіцьця. Калі праз год нічога не атрымліваецца, праект лічыцца непасьпяховым», — тлумачыць схему працы дырэктар ПВТ.
«Такія ініцыятывы спалучаныя зь некаторай рызыкай, і ніхто не гарантуе тут посьпех», — кажа спадар Цэпкала. Па яго словах, 20% пасьпяховых праектаў, паводле сусьветнай практыкі, добры вынік для інкубатара.
«А наступны этап разьвіцьця — выхад на вэнчурных замежных інвэстараў».
Зь інкубатару мазгі не ўцякуць
«А што калі зь бізнэс-інкубатару пачнецца ўцечка мазгоў? Трэба, каб уцечкі мазгоў не было», — затурбаваўся карэспандэнт АНТ, пачуўшы словы Цэпкалы.
Кіраўнік ПВТ паспрабаваў упэўніць, што адкуль-адкуль, а зь інкубатару ніхто не ўцячэ — сюды людзі прыходзіць за іншым.
«Лічыцца, што тут студэнты будуць рэалізоўваць уласны праект, уласную ідэю. Гэта яшчэ не прадпрыемства, але пазьней яны могуць інстытуцыяналізаваць сваю супольнасьць», — кажа кіраўнік ПВТ.
Паводле натхняльніка і кіраўніка інкубатару — намесьніка дэкана аднаго з факультэтаў БДУІР Аляксандра Мялешчанкі, цяпер яго ініцыятыва ўжо працуе зь некалькімі IT-праектамі, паступаюць першыя заяўкі на супрацу. Але галоўным стартапам інкубатару можна лічыць ужо сам факт яго афармленьня ў сьценах БДУІР.
«У нас яшчэ ёсьць месцы, таму мы абвяшчаем конкурс для стартапаў. Пераможцы могуць на год атрымаць тут працоўныя месцы, але першая ўзнагарода — бізнэс-кансультацыі», — кажа Аляксандр Мялешчанка.