Студэнта 76 дзён трымаюць у ізалятары

І могуць пратрымаць там да вясны. Другакурсьнік Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Мікалай Дзядок быў затрыманы па справе аб спробе падпалу расейскай амбасады, цяпер яго абвінавачваюць у хуліганстве. Студэнты ЭГУ абяцаюць маральна падтрымаць Дзядка, а таксама распаўсюдзіць інфармацыю аб ім за межы краіны.

Мікалай Дзядок, студэнт завочнага аддзяленьня праграмы «Паліталёгія і эўрапейскія дасьледаваньні», быў затрыманы яшчэ 3 верасьня. Яго трымалі ў ізалятары па 3 дні, а пасьля «перазатрымлівалі» па новых справах: аб хуліганстве, нават крадзяжы — але абвінавачаньне не прад’яўлялі да кастрычніка.

Мікалай Дзядок Mikalai Dziadok
Студэнт ЭГУ Мікалай Дзядок не здаецца. Фота spring96.org

Цяпер Мікалай Дзядок, а таксама Аляксандр Францкевіч і Максім Веткін праходзяць па гэтак званай справе анархістаў, у якую аб’яднаныя ўсе спробы меркаваных атакаў анархістаў на дзяржаўныя ўстановы і амбасады. Кульмінацыяй падзей стала спроба падпалу расейскай амбасады ў Менску напрыканцы лета.

Мікалай Дзядок застаецца за кратамі больш за два месяцы, і можа прабыць там яшчэ да сакавіка 2011 году. Цяпер яго перавялі з ізалятара на вуліцы Валадарскага у Жодзінскі СІЗА, што вядомае горшымі ўмовамі ўтрыманьня.

Студэнт ня лічыць сябе вінаватым. У сваім апошнім лісьце са сьледчага ізалятара, які апублікаваны на сайце праваабарончага цэнтру «Вясна», ён захоўвае даволі бадзёры тон:

«Сьледзтву не ўдалося мяне ўзяць „нахрапам“ сьвежанькага і разгубленага ў ізалятары часовага ўтрыманьня, то трэба браць мяне зморам, трымаючы месяцамі ў сьледчым ізалятары, у разьліку, што я зламаюся духам і пачну рабіць і казаць тое, што мне загадаюць», - піша Дзядок.

Акрамя праваабаронцаў за справай Дзядка сочыць родны ўнівэрсытэт: студэнцкае прадстаўніцтва ЭГУ абвясьціла аб пачатку «бестэрміновай акцыі салідарнасьці са студэнтам ЭГУ Мікалаем Дзядком».

Як перадае Радыё Свабода, бліжэйшымі крокамі прадстаўнікоў ЭГУ стане спроба праінфармаваць аб справе Дзядка «міжнародныя інстытуцыі, праваабарончыя арганізацыі і дыпляматычныя місіі з той мэтай, каб яны паўплывалі на гэты працэс. Практыка паказвае, што дадзены мэтад зьяўляецца найбольш эфэктыўным, асабліва ва ўмовах буйных палітычных кампаній, як прэзыдэнцкія выбары».

Таксама студэнты ЭГУ абяцаюць аказваць Мікалаю Дзядку маральную падтрымку.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0542 seconds.