Студэнта-палітоляга ЭГУ паўтара месяцы трымаюць у Валадарцы
Другакурсьніка Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Мікалая Дзядка ўжо 46 дзён утрымліваюць у ізалятары на вуліцы Валадарскага. Студэнт быў затрыманы па справе аб спробе падпалу расейскай амбасады, але цяпер яго абвінавачваюць у хуліганстве. ЭГУ занепакоіўся лёсам навучэнца, а студэнты пагражаюць перайсьці да рашучых дзеяньняў у выпадку, калі Дзядка не адпусьцяць.
Мікалай Дзядок, завочнік праграмы «Паліталёгія і эўрапейскія дасьледаваньні» ЭГУ, быў затрыманы яшчэ 3 верасьня. Але абвінавачаньне яму ніхто так і не прад’явіў. Праз трое сутак Дзядка мусілі адпусьціць, але замест гэтага праваахоўныя органы затрымалі яго ўжо па іншай справе: аб нападзе на Дом прафсаюзаў. Пасьля яго «перазатрымлівалі» па справах аб хуліганстве, нават крадзяжы, але абвінавачаньне ніводны раз не прад’яўлялі.
Трохсуткавыя затрыманьні студэнта цягнуліся амаль месяц, пакуль 1 кастрычніка яго нарэшце не абвінавацілі ў хуліганстве. Па словах праваабаронцаў, па справе падпалу расейскай амбасады былі затрыманыя каля 30 чалавек, пераважна актывісты анархічных і экалягічных рухаў, у тым ліку і выпускнік магістратуры ЭГУ Уладзімір Валодзін. Але выпадак Мікалая Дзядка, выпускніка юрыдычнага каледжу, — выключны.
«Фактычна, людзі затрымліваюцца без жорстка ўстаноўленага тэрміну. Адзін з затрыманых, Мікалай Дзядок, затрымліваўся сем разоў — кожны раз па новым абвінавачаньні на 72 гадзіны, — кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч. — Фактычна, такім чынам чалавека можна трымаць у сьледчым ізалятары бясконца, паколькі ўсе міліцэйскія аддзяленьні заваленыя заявамі, напрыклад, аб крадзяжы мабільных тэлефонаў. І трымаць так чалавека, пастаянна яго перазатрымліваючы, можна год, два, тры. Гэта недапушчальна. Такія выпадкі мы расцэньваем проста як адвольнае затрыманьне», — заявіў Стэфановіч.
Праваабаронцы маюць намер зьвярнуцца па гэтым справам да спэцдакладчыка ААН. ЭГУ таксама занепакоены лёсам свайго студэнта. Сёньня студэнцкае прадстаўніцтва ЭГУ і Моладзевая ініцыятыва Studalliance распаўсюдзілі зварот, у якім называюць «барбарскімі і абсурднымі» мэтады працы беларускіх спэцслужбаў і праваахоўных органаў, заклікаюць да неадкладнага вызваленьня студэнта, а ў выпадку ігнараваньня патрабаваньня пагражаюць перайсьці «да больш рашучых дзеяньняў»:
«Мы заклікаем студэнцкую супольнасьць Беларусі, незалежныя моладзевыя арганізацыі, беларускіх праваабаронцаў, а таксама ўсіх тых, хто занепакоены бесьперапыннай самаўпраўнасьцю і беззаконьнем, што пануюць у беларускіх сілавых ведамствах, праявіць салідарнасьць ва ўсеагульнай маральнай падтрымцы Мікалая Дзядка, далучыцца да патрабаваньня неадкладна вызваліць яго
з-за кратаў і спыніць перасьледы грамадзкі актыўнай моладзі. У выпадку ігнараваньня дадзенага патрабаваньня органамі дзяржаўнай улады мы маем намер перайсьці да больш рашучых дзеяньняў».