Tea+Art з «Абсалютным злом беларускага інтэрнэту» Марыйкай Мартысевіч

24 лістапада ў рамках праекту «Tea+Art — незвыЧАЙныя сустрэчы» адбудзецца сустрэча з паэтэсай, пісьменьніцай, журналісткай, перакладчыцай, «Абсталютным злом беларускай літаратуры і інтэрнэту» Марыяй Мартысевіч.

Менавіта Марыйка распрацавала 10 запаветаў блогера, ці як дабрацца да чытацкага рэзанансу.

Запаветы візуальныя

Павесьце фотку сябе. Няпраўда, што гэта працуе толькі для прыгожанькіх дзяўчат. Жывая выява аўтара ў прынцыпе спрыяе таму, што гледачу хочацца неяк адкамэнтаваць гэта, няхай малазьмястoўных рэакцый, кшталту клас! ды супэр!, будзе больш, чым вам хацелася б.

Але ёсьць пара нюансаў. Не бывае непрыгожых людзей, бываюць крывыя рукі, танныя фотаапараты, гэта раз. Другое: вешаць сваю фотку лепей не дзеля самога факту вось я нарэшце павесіла сваю фотку, а як бы па прычыне: «А вось такая ў мяне цяпер стрыжка, або зацаніце, які грыб я знайшла!»

Усе запаветы можна знайсьці тут. Вельмі займальна. Livejournal аўтара: maryjka_.

Марыйка, бадай, адна зь нешматлікіх аўтараў, якая, тактоўна зьвяртаючы ўвагу на сваю жаночую існасьць, выглядае пры гэтым прыгожа і натуральна.


Марыйка Мартысевіч з «Цмокамі, якія лятуць на нераст»
на паэтычным дзявочніку ў верасьні 2008-га.

У 2008 годзе выйшла ейнае эсэ ў вершах і прозе «Цмокі лятуць на нераст». Эсэ — гэта інтэлектуальнае практыкаваньне, а паэзія, як мы чакаем ад яе, павінна вылівацца з закранутай душы, а не ад халоднага розуму. Як жа аўтарка аб’ядноўвае несумяшчальнае? Большая частка кнігі — гэта ўсё ж такі эсэ, разумовая праца, якую нехта палічыў бы «разумнічаньнем», калі б не было ў ёй цёплай паэтычнай душэўнасьці. Марыйка — эсэіст, які не пазбаўлены ні вастрыні розуму, ні назіральнасьці. Яна шчодрая на моўныя гульні, а таксама яхідны фэмінізм. Яе лірычны фэльетон «Мужчыны, якіх мы выбіраем» пакрыўдзіў не аднаго малахольнага крытыка мужчынскага полу.

Яе твор атрымаў не адназначную ацэнку з-за ўключэньня ў творы нецэнзурнай лексыкі і фэміністычных матываў. Па меркваньні Андрэя Хадановіча, аднак, гэтая кніга прадстаўляе адну з самых яркіх падзеяў у разьвіцьці маладой беларускай літаратуры. За незвычайную экспрэсіўнасьць у творчасьці, публічным і віртуальным жыцьці пісьменьніца атрымала мянушку «Абсалютнае зло беларускага інтэрнэта».

Заяўляйцеся! На сустрэчы зь дзівоснымі людзьмі нашага гораду! Да новых незвыЧАЙных сустрэчаў! У сувязі з абмежаванай колькасьцю месцаў вядзецца папярэдні запіс удзельнікаў па нумарох: +375296450612 і +375296559616 і зьбіраецца ўнёсак. НезвыЧАЙныя сустрэчы праходзяць у краме «Чайны ліст» з 18.30 да 21.00 па адрасе вул. Рэвалюцыйная, 32.

vatrushka 12:30, 18/11/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0599 seconds.