Аголеныя паэты выйшлі ў людзі

Нашумелы праект выданьня фотапартрэтаў аголеных літаратараў Беларусі нарэшце дабраўся да народа на прэзэнтацыі календара «Канец словаў» у менскім клюбе «6А». І без таго пікантная тэма абвастралася нетрадыцыйнай сэксуальнай тэматыкай клюбу і чаканьнямі наведвальнікаў убачыць на ўласныя вочы беларускіх літаратараў. Пажадана, без вопраткі.

Паўцемра клюбу і моцны гендэрны дысбалянс у жаночы бок пакідалі надзею, што чаканьні публікі ўсё ж спраўдзяцца. Але на прэзэнтацыю ўласных выяваў трапілі ня ўсе героі беларускай літсцэны.

Распачалі івэнт культуроляг Максім Жбанкоў, фатограф праекту Андрэй Шчукін ды жаночая частка арганізатараў у асобе Марыйкі Мартысевіч, якая не саромелася казаць усю праўду пра стаўленьне беларускага пурытанскага грамадзтва да падобных праектаў:

«Увесь год [пакуль рыхтавалася выданьне] на мяне ліўся бруд», — распавяла паэтка Марыйка Мартысевіч. — Я ня ведаю, для чаго рабіла гэты каляндар».

Філёзаф Валянцін Акудовіч узначаліў слаўную кагорту тых, хто наважыўся распрануцца ў ахвяру піяру і мастацтву. Яго фотаздымак быў зьмешчаны на вокладку аголенага календара, а знакамітыя, ужо іміджавыя акуляры былі купленыя на адмысловым аўкцыёне сьпявачкай Русяй усяго за $10.

Больш запатрабаваным аказаўся фотапартрэт мастака Артура Клінава, які сышоў у рамках таго ж аўкцыёну да невядомага аматара творчасьці і постаці аўтара альбому «Горад сонца» больш за 160 тысяч рублёў. Гэта быў рэкорд вечару.

Было б дзіўна, каб на імпрэзе, якая хоць і апасродкавана, але ж мела дачыненьне да літаратуры, не адбыўся б вельмі модны зараз у Менску паэтычны слэм. На гэты раз галоўнай яго фішкай стала «дзявочасьць» удзельнікаў, дакладней, удзельніц, сярод якіх былі заўважаныя журналістка Алеся Серада, сьпявачка Руся і Тацяна Ўрублеўская.

Сярод іншых аголеных целаў у календары можна будзе разглядзець паэта Андрэя Хадановіча, журналіста Севярына Квяткоўскага, музыку Андрэя Такіданга, а таксама, Юрася Барысевіча, Андрэя Адамовіча, Віталя Рыжкова, Сяргея Прылуцкага ды іншых беларускіх літаратараў.


Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.058 seconds.