БДУ хоча ў Балоньскі працэс


«Усе мы там будзем»

«Мы сыходзім з таго, што Беларусь будзе ўступаць у Балоньскі клюб. І тыя праблемы, якія за апошнія 10 гадоў вырашаліся ў іншых краінах Эўропы, будуць актуальнымі для нас. Але для нас гэты працэс будзе лягчэйшы», — заявіў Уладзімір Ціханаў, які адказвае ў БДУ за міжнародныя сувязі, у час канфэрэнцыі Менскага форуму, прысьвечанай адукацыйным пытаньням і ўступленьні Беларусі ў Балоньскі працэс.

Паводле яго словаў, у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце лічаць, што ад Балоньскай сыстэмы Беларусь нікуды не падзенецца:

«Іншага выбару ўжо ня будзе. Заставацца адзінымі на мапе Эўропы нерэальна. Усе мы там будзем», — кажа кіраўнік упраўленьня міжнародных сувязяў БДУ і адзначае, што калі адбудзецца гэта ўступленьне, яму «пакуль незразумела».


Кіраўнік упраўленьня міжнародных сувязяў БДУ Уладзімір Ціханаў

Нагадаем, што ў ліпені Аляксандр Лукашэнка ўсё ж прыняў рашэньне аб далучэньні да адзінай адукацыйнай прасторы Эўропы — Балоньскага працэсу. Для гэтага патрэбна падаць заяўку і чакаць, пакуль экспэрты вывучаць беларускую сыстэму вышэйшай адукацыі. А ўнівэрсытэтам ужо зараз варта пачаць зьмяняць адукацыйныя стандарты і сыстэму, каб прывесьці яе ў адпаведнасьці з правіламі адзінай адукацыйнай прасторы. Справа доўгая і цяжкая.

Аднак, па словах кіраўніка ўпраўленьня міжнародных сувязяў, БДУ можа адносна лёгка ўвесьці агульнаэўрапейскі стандарт адукацыі, бо цяпер ва ўнівэрсытэце існуе абкатаная сыстэма крэдытаў (акадэмічнай вагі дысцыплін) і модуляў (праўда, пакуль «на паперы»), «але шмат што яшчэ трэба зрабіць, і гэта вельмі істотна для ўсіх унівэрсытэтаў, а ніводная справа ня будзе зробленая, калі няма зацікаўленасьці з боку выканаўцы».

Пачуўшы гэту заяву, прадстаўнікі нямецкіх адукацыйных ініцыятываў, што прысутнічалі на паседжаньні, прыгадалі ўласны вопыт далучэньня да працэсу:

«Ня ўсё так проста было ў Нямеччыне з Балоньскім працэсам. Былі і некаторыя пратэсты з боку студэнтцва», — шчыра папярэдзіў прадстаўніка БДУ доктар Карстэн Ленк, які кіруе праектамі ў фундацыі імя Робэрта Боша.

Па словах нямецкіх экспэртаў, вучэбныя пляны беларускіх унівэрсытэтаў мусяць быць перабудаваныя ў адпаведнасьці з патрэбамі Балоньскага сыстэмы. Таксама ў межах Балоньскага працэсу варта не забывацца, што чалавек мусіць вучыцца ўсё жыцьцё. І гэта ня ўсё. Балоньская дэклярацыя — гэта яшчэ і студэнцкае самакіраваньне, прызнаньне дыплёмаў, акадэмічныя абмены нарэшце. На думку спадара Ціханава, з апошнім у БДУ усё даволі добра.


Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, якая не далучылася да працэсу стварэньня супольнай эўрапейскай адукацыйнай прасторы

У ЭЗ без дазволу Мінадукацыі

«За апошнія гады актывізаваліся акадэмічныя абмены — студэнты сталі выязджаць часьцей, — кажа спадар Ціханаў. — Інтэрнацыяналізацыя адукацыі, што характэрна для іншых эўрапейскіх краін, адбываецца і ў нас. Кожны год БДУ падпісвае каля 30 дамоваў з унівэрсытэтамі па ўсім сьвеце».

Аднак большасьць акадэмічных кантактаў БДУ прыходзіцца пакуль на Расею, на другім месцы — Нямеччына. А ў нашых унівэрсытэтах вучацца не грамадзяне ЭЗ, а туркмэны і кітайцы. Апошнія гады ня болей за 500 студэнтаў БДУ з 30 тысячаў штогод езьдзяць за мяжу дзеля стажыровак і канфэрэнцый. І галоўная перашкода замежным кантактам — патрабаваньне Мінадукацыі кожны раз пры выезьдзе студэнта прасіць дазвол у чыноўнікаў.

«У існуючай сыстэме, калі студэнты дзеля кожнага выезду мусяць прасіць дазвол у Міністэрства адукацыі, студэнты не рэгіструюць свае выезды. Яны альбо дамаўляюцца з катэдрамі, альбо шукаюць іншыя шляхі», — кажа спадар Ціханаў.

Кіраўнік упраўленьня міжнародных сувязяў БДУ заклікаў мяняць падыходы да выездаў студэнтаў за мяжу. Па яго словах, Міністэрства адукацыі разглядае магчымасьць адмену патрабаваньня ад студэнтаў прасіць дазвол на выезд за мяжу.

«На колькі я ведаю, гэта мэтодыка будзе зьнятая», — заявіў Уладзімір Ціханаў.

Нагадаем, на падставе парушэньня гэтых правілаў зь беларускіх унівэрсытэтаў час ад часу адлічаюць актыўных выдатнікаў. Нядаўнім прыкладам стала Тацяна Шапуцька, якая без дазволу Мінадукацыі адправілася на канфэрэнцыю Ўсходняга партнэрства ў Бруселі. Магчыма, яна застанецца апошняй ахвярай гэтых правілаў.

Але Ўладзімір Ціханаў ня бачыць палітычных матываў у абмежаваньні магчымасьцяў замежных паездак. Існыя абмежаваньні, па яго словах, зьвязаныя з тым, што Беларусь некалькі гадоў таму вельмі актыўна занялася барацьбой з гандлем людзьмі. «Пад відам выездаў на стажыроўкі была магчымасьць эксплуатацыі жанчын, дзяцей. Цяпер практыка паказала, што гэты канал пры адпаведнай увазе унівэрсытэтаў нельга выкарыстоўваць для такіх мэтаў. Таму Мінадукацыі прапрацоўвае пытаньне аб адмене гэтай нормы», — тлумачыць ён.

Хто вяртаецца?

Адзінай беларускай установа адукацыі, якая, магчыма нечакана для самой сябе, аказалася ў цэнтры Балоньскага працэсу, стаў Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, выгнаны зь Беларусі ў 2004. У ЭГУ разумеюць сваю перавагу ў прызнаньні дыплёмаў у ЭЗ і паўсюль гэты факт рэклямуюць. А вось да пэрспэктыў уступленьня Беларусі ў Балёнскі працэс ставяцца скептычна. БДУ, у сваю чаргу, нічога агульнага з ЭГУ мець не жадае:

«Мы падтрымліваем вельмі цесныя кантакты зь Віленскім унівэрсытэтам. Я добра знаёмы з акадэмікам Міхайлавым [рэктарам ЭГУ], і нічога супраць ня маю, калі ёсьць магчымасьць навучацца нашым студэнтам там. Няхай вучацца. Але асаблівага сэнсу ў падтрыманьні кантактаў з ЭГУ я ня бачу», — кажа спадар Ціханаў.

Яшчэ адной праблемай для беларускай сыстэмы пры далучэньні да працэсу можа стаць нежаданьне студэнтаў вяртацца на радзіму па сканчэньні праграм абмену. Колькасьць такіх праграм мусіць значна павялічыцца зь інтэграцыяй беларускай адукацыі ў эўрапейскую. Але на пытаньне пра «ўцечку студэнтаў» Уладзімір Ціханаў хутка адказвае, што «ўсе — ня зьедуць».

«Але, канешне, будуць заставацца [за мяжой] студэнты. Напэўна, там ёсьць шмат чаго цікавага, напэўна, гэты самы час паезьдзіць, павучыцца, а будзе ў нас добрае жыцьцё ў Беларусі, яны вернуцца».

«Я ведаю шмат беларусаў якія вучыліся ў Нямеччыне. Ня ведаю, ці вернуцца яны ў сваю краіну, але ўсе яны яе любяць, — кажа Майке Лінднэр, якая два гады выкладала ў Брэсьце. — У любым выпадку, каапэрацыя паміж ВНУ прыводзіць да збліжэньня сыстэм».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0609 seconds.