Колькі каштуе адкасіць ад прызыву?
Як лічыць контрвыведка КДБ, у Барысаўскім райваенкамаце толькі за $450 можна было разьлічваць на адтэрміноўку ад прызыву. Менавіта за атрыманьне такой сумы асуджаны на 4 гады калёніі кіраўнік аддзяленьня прызыву ваенкамату.
Як перадае БелТА, кіраўнік аддзяленьня Барысаўскага райваенкамату быў затрыманы ў сьнежні 2009 года пры атрыманьні хабару ў памеры $450 за вырашэньне пытаньня аб адтэрміноўкі ад прызыву. Пазьней упраўленьне ваеннай контрвыведкі КДБ высьветліла, што былы падпалкоўнік як мінімум пяць разоў прымаў хабар за вырашэньне аналягічных пытаньняў.
Беларускі ваенны суд прызнаў супрацоўніка ваенкамата вінаватым па трох артыкулам крымінальнага кодэксу. Цяпер былы супрацоўнік ваенкамата, пазбаўлены воінскага званьня і маёмасьці, 4 гады правядзе ў папраўчай калёніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.
Паводле дадзеных Вайсковага камісарыяту Менска, менш за 7% менскіх прызыўнікоў не атрымліваюць адтэрміноўкі ці накіраваньня ў запас і ў выніку ідуць у войска. А хаваецца ад ваенкамату толькі кожны дваццаты прызыўнік. У любым выпадку, міліцыя знаходзіць прыкладна 60% зь іх.
Увогуле, сума ў барысаўскай справе выглядае звычайнай для рэгіёнаў. Нядаўна хлопец зь Лёзьненскага ваенкамату спрабаваў адкасіць ад войска ўсяго за $600. Зь імі прызыўніка і затрымалі. А вось у суседняй Расеі расцэнкі вышэйшыя. Яшчэ 4 гады таму сума ў $2 000 ў маскоўскіх ваенкаматах лічылася даволі прыймальнай. Цяпер нават у рэгіёнах, па паведамленьнях прэсы, кошт пытаньня можа даходзіць да $10 000. Ва Ўкраіне расцэнкі болей лібэральныя: як высьветлілася ў час нядаўняга скандалу ў Чарнігаўскім ваенкамаце, за магчымасьць адкасіць было дастаткова заплаціць толькі 500 даляраў.