Рамантычны студэнт можа на 4 гады адправіцца ў турму
Менскі студэнт паспрабаваў скрасьці букет руж на Нямізе. Рамантыка схапілі і цяпер яму пагражае да чатырох гадоў пазбаўленьня волі.
Як паведамляе БелаПАН, злачынства было учыненае ў ноч на 29 кастрычніка. Шпацыруючы ля ўваходу ў гандлёвы дом «На Нямізе», малады чалавек зьвярнуў увагу на кветкавы латок і скрыню, у якім захоўваліся ружы.
Навясны замок апынуўся ня вельмі моцным, і хлопцу дастаткова было добра тузануць за ручку дзьверцаў. Схапіўшы ахапак руж, ён пасьпяшаўся зьнікнуць зь месца злачынства, але быў заўважаны ахоўнікам гандлёвага дому.
Зьбегчы з ружамі ў студэнта не атрымалася, і ён трапіў у міліцыю, дзе яго абвінавацілі ў рабаваньні. Справа ўжо перададзеная ў суд Цэнтральнага раёну. Студэнту пагражае да чатырох гадоў пазбаўленьня волі.