26.11 — Беларускі гурт Yellow Brick Road ідзе на рэкорд

26 лістапада рок-гурт Yellow Brick Road прадставіць у Менску свой новы альбом «Honeymoon». Гэтым выступам калектыў завершыць свой трэці эўрапейскі тур, у рамках якога музыкі далі два дзесяткі канцэртаў у краінах Прыбалтыкі, Польшчы, Германіі і Чэхіі.


Yellow Brick Road існуе ўсяго паўтары гады. За гэты час хлопцы зь Менску, якія сьпяваюць па-ангельску і граюць ва ўласным стылі «прагрэсіўны рок-н-рол», выпусьцілі два студыйных альбомы (іх можна спампаваць на сайце www.yellowbrickroad.ru), тройчы праехалі па Эўропе, дзе здолелі знайсьці сваю публіку і прыхільнікаў. За мяжой іх называюць «беларускімі Led Zeppelin».

«У Беларусі занадта мала магчымасьцяў для выступаў, менавіта таму шматлікія нашыя гурты рана перастаюць разьвівацца. Які можа быць прагрэс, калі ў цябе канцэрт раз у некалькі месяцаў і ты выступаеш ўвесь час з аднымі і тымі ж камандамі? Трэба браць інструмэнты і ехаць граць, набірацца ўражаньняў і вопыту!» — лічыць бас-гітарыст і мэнэджэр гурта Дзьмітрый Хламаў.

Вынік не прымусіў сябе чакаць — калі першы альбом «12 Stories» за год запампавалі каля 10 тысяч разоў, то новы дыск «Honeymoon», выпушчаны два месяцы таму, ужо падбіраецца да 20 тысячаў. І гэта толькі з афіцыйнага сайту. З хваламі крытыкаў таксама праблем няма — на сайце Experty.by новы альбом атрымаў 7,75 бала з 10 магчымых. Але хлопцы не спыняюцца на дасягнутым — наперадзе ў іх новыя мэты.

«Першая мэта — гэта прэзэнтацыя ў Менску. Мы хочам паказаць усё, чаму навучыліся за час гастроляў. Прычым ня проста адыграем новую праграму, а будзе сапраўднае шоў з добрым сьвятлом, здымкай і гэтак далей. Пасьля ўвесну зноў адправімся ў тур. За паўтара гады мы сыгралі ў Эўропе больш за 70 канцэртаў. Да двухгадовага юбілею хочам паставіць прыгожы рэкорд — пераваліць за 100», — кажа вакаліст гурта Ян Максімовіч.

26 лістапада ў клюбе «Рэактар» група Yellow Brick Road з прэзэнтацыяй новага альбому «Honeymoon». Квіткі: 15 тыс. (папярэдне), 20 тыс. (у дзень канцэрту). Даведка: мтс 1956 57298, velcom 636 08 56, life 993 93 73. Пачатак у 19.00.

Паводле прэс-рэлізу

09:00, 02/11/2010 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0582 seconds.