У БДУ зьявілася ўласнае тэлебачаньне
Зь верасьня ў холе галоўнага корпусу Інстытута журналістыкі БДУ пачаў трансляцыю «першы міжунівэрсытэцкі відэаканал «Унівэрсытэт-ТБ». Па задумцы заснавальнікаў, канал мусіць аб'яднаць усё студэнтцва Беларусі.
Як піша газэта «Універсітэт», праект створаны па прапанове Адміністрацыі прэзыдэнта і мусіць «аб’яднаць усіх студэнтаў Мінска, а ў пэрспэктыве і Беларусі». Галоўнай тэмай праграм каналу стане студэнцтва і падзеі, якія адбываюцца ва ўнівэрсытэцкай супольнасьці.
Унівэрсытэцкае тэлебачаньне плянуе выпускаць навіны, прагноз надвор’я, пазнавальныя, забаўляльныя, сацыяльныя і грамадзянскія праекты. Большасьць праграм новага ТБ будзе мець невялікую працягласьць: ад 3 да 5 хвілін.
Канал базуецца ва Інстытуце журналістыкі БДУ, але плянуецца, што вакол яго аб’яднаюцца ўсе студэнцкія тэлестудыі Беларусі.