Бульфэст: удар кедам

Калі пятнічным вечарам вас незнарок занясе ў сталічны клюб, багатая колькасьць кедаў на танцпляцы, што вянчаюць рознакаляровага фасону вузкія джынсы, забясьпечаныя шэрымі байкамі і клятчастымі кашулямі, сьведчыць толькі аб адным: куміры менскіх хіпсьцераў The Toobes зьявяцца сёньня на сцэне. У якасьці канвы зоркам — бясплатны фэст з элемэнтамі бульбы і ўкраінскага раздольля «Перкалаба» ды беларускага космасу ад «Касіяпеі».

За некалькі тыдняў да фэсту было абвешчана, што на «Бульбокс» возьмуць любога жадаючага. Трэба было толькі зарэгістравацца на сайце студыі, што ладзіла канцэрт. У выніку бясплатнасьць вечарыны ў «Рэактары» вылілася ў натоўпы старшаклясьнікаў, студэнтаў і іншых хіпсьцераў, што жаліся адзін да аднаго ля ўваходу ў клюб у эратычным падлеткавым пацалунку. Тыя, хто заставаўся на момант без пацалунку, нэрвова палілі ў чаканьні свайго прынца ці прынцэсы.

Модны фэномэн хіпсьцерства, што прасачыўся ў Менск у мінулым сэзоне, дае знаць аб сабе напоўніцу. Няхай пакуль няма ў нас культавых хіпсьцерскіх сэканадаў, як у Амстэрдаме, ці Хокстану - Мэкі хіпсьцерскай сцэны Лёндану. Затое ўжо тры гады маецца амаль легендарны гурт The Toobes. Гэтыя воіны барабаннай палачкі і актуальнага рок-н-ролу радуюць любога адэпта вузкіх джынсаў вяртаньнем у няісныя 70-я. Можна нават вочы не заплюшчваць: нечалавечыя скокі цінэйджэраў пад сцэнай запоўняць прастору калажам са сьветлых валасоў дзяўчын, а падлогу - шматлікімі раздаўленымі акулярамі ў масіўных аправах.

У пэўны момант гэтага фрылаўнага сьвята прыходзіць разуменьне, што даўно ўжо на канцэртах у «Рэактары» не гучала з вуснаў вядоўцаў выключна расейскай мова. Зрэшты, недахоп беларускай пасьпяхова кампэнсуецца якаснай украінскай ад карпацкага сюрпрызу фэсту «Перкалабы»: «Дякуемо, браты», - гучыць са сцэны вітаньне прадусару гурта. У адказ карпацкім хлопцам - мех бульбы, што назьбіраўся праз гледачоў Бульфэсту. А «Перкалаба» ўсё роўна за сваё: «Жыве Беларусь!» - усплёск беларускай сьвядомасьці замяняе аднастайны карпацкі ска, які перамяжоўваецца зь ня менш прадказальнымі крыху савецкаўкраінскімі мэдлякамі.

«Перкалаба» знаецца на гуцульскім рэггі, пра што сьведчаць цымбалы і чувакі ў шляпах на сцэне, з абавязковай у такіх выпадках падтрымкай духавых. Апошнія дазваляюць забыцца на тое, што словы зусім нячутныя, а матывы кампазыцый падобныя.

Глядзім таксама фотарэпартаж 

«Перкалаба», «The Toobes» і «Касіяпея» на «БульФэсьце»

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0748 seconds.