Трэці Фэстываль нефармальнай адукацыі адбудзецца ў Менску

8–10 кастрычніка ў Менску пройдзе трэці Фэстываль нефармальнай адукацыі. Удзел у імпрэзе возьмуць прадстаўнікі грамадзкіх, камэрцыйных і дзяржаўных адукацыйных установаў зь Беларусі, Нямеччыны й іншых краін.

Арганізатары адзначаюць, што ў галіне нефармальнай адукацыі працуюць прадстаўнікі дзяржаўнага і недзяржаўнага кірункаў адукацыйнай сфэры. Яны прапаноўваюць самыя розныя праграмы і паслугі: ад курсаў замежных моваў і праграмаваньня да навучаньня ў нядзельных школах і гуртках па цікаўнасьцях.

Фэстываль прадстаўляе нефармальную адукацыю як значны фактар паляпшэньня якасьці жыцьця як асобы, так і грамадзтва ў цэлым. На працягу трох фэстывальных дзён адбудуцца прэзэнтацыі разнастайных адукацыйных праграм і праектаў, майстар-клясы ў выкананьні найлепшых адукатараў, творчыя конкурсы і дыскусіі па актуальных пытаньнях разьвіцьця нефармальнай адукацыі ў нашай краіне і за мяжой.

Цягам другога дню Фэстывал (9 кастрычніка) удзельнікі будуць мець магчымасьць папрысутнічаць на сэмінарах, трэнінгах, майстар-клясах.

Фэстываль нефармальнай адукацыі адбудзецца ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Я.Рау.

Больш пра Фэстываль можна даведацца на сайце www.adukatar.net. Да таго ж ужо зараз дзейнічае дзёньнік фэсту, дзе можна знайсьці праграму, склад аргкамітэту і шмат іншай карыснай інфармацыі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0061 seconds.