Каб берасьцейцы ведалі гісторыю свайго краю

Ці ведаеце, што бацька першага прэзыдэнта Акадэміі Навук Беларусі Ўсевалада Ігнатоўскага быў сьвятаром у Быцені Івацэвіцкага раёну? Ці чыталі калі-небудзь успаміны аб нямецкай акупацыі часоў першай сусьветнай вайны? Ці чулі легенды палаца Пуслоўскіх у Косаве? Ці шмат ведаеце пра падзеі паўстаньня 1863 года на Берасьцейшчыне? На ўсе гэтыя ды іншыя пытаньні паспрабуе даць адказы краязнаўчы сайт «Рэха Берасьцейшчыны», які нядаўна пачаў працу.

На гэтым сайце, разьмешчаным на адрасе rehaby.info, прадстаўлена інфармацыя гістарычнага, культурніцкага, турыстычнага характару, абнаўляецца тут бібліятэка электронных выданьняў, прысьвечаных Берасьцейшчыне, ствараецца фотагалерэя і форум.

Ідэя стварэньня краязнаўчага сайта «Рэха Берасьцейшчыны» зьявілася пасьля выхаду трэцяга нумару аднайменнага бюлетэню. Разумеючы, што папяровы бюлетэнь «Рэха Берасьцейшчыны» ня можа зьмясьціць шырокі спэктар краязнаўчай інфармацыі краю і, з-за абмежаванасьці свайго накладу, ня можа быць даступны многім патэнцыйным чытачам, зьявілася жаданьне стварыць яго электронную вэрсію.

Сайт «Рэха Берасьцейшчыны» зьяўляецца вынікам працы краязнаўцаў, гісторыкаў, аматараў турызму ды іншых зацікаўленых асобаў Брэсцкай вобласьці. Любы жадаючы можа прапанаваць свае артыкулы, матэрыялы, фотаздымкі з мэтай павышэньня папулярнасьці краязнаўства сярод жыхароў Берасьцейшчыны.

Сайт створаны пры падтрымцы інфармацыйна-кансалтынгавай установы «Агенцтва рэгіянальнага разьвіцьця «Дзедзіч».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0049 seconds.