Жыхары памежжа ўсё ж будуць езьдзіць у Польшчу бязь візаў

Палата прадстаўнікоў усё ж такі ратыфікуе пагадненьне з Польшчай аб бязьвізавых вандроўках жыхароў памежных раёнаў. У выніку каля 1.7 мільёнаў грамадзян абедзьвюх краін атрымаюць магчымасьць езьдзіць у памежную зону суседняй дзяржавы бязь візаў. Адпаведнае пагадненьне можа быць нарэшце заключанае і зь Літвой.

Як паведамляе БелТА, у выніку доўгіх перамоваў, Беларусь усё ж згадзілася ратыфікаваць пагадненьне аб малым памежным руху паміж Беларусьсю і Польшчай. Пад яго трапляюць жыхары 30-кілямэтровай зоны ўздоўж беларуска-польскай мяжы. Агулам на гэтай тэрыторыі пражываюць каля 1.7 мільёнаў чалавек.

Каб трапіць у Польшчу, неабходна будзе даказаць, што грамадзянін пражываў апошнія тры гады на памежнай тэрыторыі і аплаціць збор 20 эўра. За гэтыя грошы ў Брэсцкім ці Гарадзенскім консульстве Польшчы выдадуць пасьведчаньне (пачакаць магчыма прыйдзецца да 6 месяцаў), якое будзе дазваляць вандраваць па памежнай тэрыторыі суседняй краіны на працягу 2 ці нават 5 гадоў, але ня болей за 90 дзён у паўгода.


Прыкладна так будзе выглядаць дазвол на ўезд у Польшчу ў межах пагадненьня аб малым памежным руху

Трапіць у Беласток ці Варшаву па такім пасьведчаньні не атрымаецца: выехаць за межы прыгранічных тэрыторый не дазволяць. Выключэньне можа быць зробленае толькі для тых, каму неабходна атрымаць даведку, якая пацьвярджае факт заявы аб страце, пашкоджаньні ці зьнішчэньні дазволу ці сапраўднага праязнога дакумэнту. Яшчэ адзін абавязак — пры перасячэньні мяжы трэба будзе зарэгістравацца «на тэрыторыі іншай дзяржавы ва ўстаноўленым парадку».

Да памежных тэрыторыі ў 30 кілямэтраў аднесеныя такія беларускія гарады, як Брэст, Гародня, Ваўкавыск, Скідзель, Жабінка і іншыя. У польскую памежную тэрыторыю трапілі Бяла Падляска, Аўгустаў, Гайнаўка, Бельск Падляскі, Саколка і Семятычы.

Вынікам пагадненьня стане ня толькі вольны рух людзей празь мяжу, але і павелічэньне чэргаў ды чаўночнікаў на пунктах пропуску. З гэтымі наступствамі, як заявіў намесьнік міністра замежных спраў Валерый Варанецкі, можна змагацца «шляхам прыняцьця неабходных прэвэнтыўных мераў».

Падобная дамова дзейнічае з Латвіяй, у якой зь Беларусьсю найменшая мяжа з усіх суседзяў. Таксама ідуць доўгія і цяжкія перамовы зь Літвой. Паводле апошніх дадзеных, беларускі бок пагадзіўся пускаць літоўцаў на нашу тэрыторыю без рэгістрацыі, таму аналягічнае пагадненьне з гэтай краінай можа быць хутка падпісанае.

Плянуецца, што дамова аб малым памежным руху з Польшчай будзе ратыфікаваны ў час восеньская сэсіі, а езьдзіць бязь візаў на той бок мяжы можна будзе ўжо з пачатку 2011 году. Дарэчы, пагадненьне ўжо даўна ратыфікаванае і падпісанае цяперашнім прэзыдэнтам Польшчы Браніславам Камароўскім у сымбалічным месцы — Кузьніцы — першым польскім мястэчку на шляху ад Гародні.

Цяпер польская шэнгенская віза каштуе 60 эўра. Па выніках 2009 Беларусь заняла першае месца сярод краінаў СНД па колькасьці выдадзеных візаў на чалавека. 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0623 seconds.