На фэст патрыятычнай музыкі пад Кіевам напалі зь бітамі
На арганізатараў фэстывалю ўкраінскай патрыятычнай песьні «Гайдамака.UA» напалі невядомыя з бэйсбольнымі бітамі. Міліцыя хуліганам не перашкодзіла.
Як паведамляе TCY.ua, падчас правядзеньня фэсту паўстанцкай і патрыятычнай песьні «Гайдамака.UA» у Ірпэні пад Кіевам, група з 15 маладых людзей у спартыўных касьцюмах зь бітамі напала на ахову і арганізатараў фэстывалю.
У выніку завязалася бойка паміж ахоўнікамі фэсту з аднаго боку і невядомымі зь бітамі зь іншага. Пры гэтым, як адзначаюць відавочцы, ахоўнікаў на фэсьце было значна меней, чым напаўшых. Міліцыя ў падзеі ня ўмешвалася.
У выніку траўмы рознай ступені цяжару атрымалі некалькі ўдзельнікаў інцыдэнту. У прыватнасьці, у аднаго з ахоўнікаў фэсту праламаны чэрап. Міліцыя нападнікаў пакуль не знайшла.
Фэстываль паўстанцкай і патрыятычнай песьні «Гайдамака.UA» праходзіў з 24 па 26 верасьня. У праграме фэсту значыліся палітычныя дыскусіі і сустрэчы зь вядомымі ўкраінскімі палітыкамі, журналістамі і грамадзкімі дзеячамі. Музычная праграма складалася з такіх гуртоў, як «Тартак», «Тінь сонца», «Гайдамакі» і «ТНМК».
Раней дэпутат ад Партыі рэгіёнаў Вадзім Калеснічэнка прасіў кіраўніка Службы бясьпекі Ўкраіны праверыць законнасьць правядзеньня фэсту.
Тады дэпутат ад правячай кааліцыі заявіў, што «музычныя групы, выступ якіх плянуецца, адрозьніваюцца відавочна ксэнафобскай і нацыяналістычнай накіраванасьцю тэкстаў песень». Ён абвінаваціў фэст у прапагандзе «нацыяналізму, калябарацыянізму, ксэнафобіі, спробе ўзьвялічыць Украінскае паўстанцкае войска.