Беларускую культуру прапіяраць

У Беларусь вяртаецца Інстытут Культуры. Але з аднайменным унівэрсытэтам (цяпер Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт культуры і мастацтваў) яго дзейнасьць будзе перакрыжоўвацца слаба. Старая-новая інстытуцыя зоймецца піярам беларускай культуры за мяжой і рэстаўрацыяй спадчыны.

Новая ініцыятыва міністра культуры Латушкі накіраваная на тое, каб вырашыць цэлы ворах культурных праблем адным махам: ад каапэрацыі з грамадзкім аб’яднаньнем «Згуртаваньне беларусаў сьвету "Бацькаўшчына"» да рэстаўрацыі і аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

Як паведамляе БелТА, Інстытут культуры Беларусі створаць на базе вылучанага з-пад Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў Інстытуту павышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў. Кадры і надалей будуць перападрыхтоўвацца ў сьценах Інстытуту, але на яго ўскладуць яшчэ некалькі дадатковых функцый. Ён зоймецца аховай гісторыка-культурнай спадчыны і рэстытуцыяй культурных каштоўнасьцяў, навуковай і аналітычнай падтрымкай сфэры культуры і мастацтва краіны, шырокай прэзэнтацыяй беларускай культуры за мяжой.

Адна зь першых канкрэтных задач Інстытуту — распрацоўка праграмы «Беларусы ў сьвеце». Пра яе зьмест інфармацыі пакуль няма, але стала вядома, што празь інстытут улады зьбіраюцца супрацоўнічаць з грамадзкім аб’яднаньнем «Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», зь якім раней дыялёг быў ня вельмі гладкі.


Інстытут беларускай культуры, навуковая камісія. Сядзяць зьлева направа: Я. Купала, А. Круталевіч, Я. Лёсік, С. Некрашэвіч... 1922 г.

Аднайменная інстытуцыя з падручнікаў вядомая як Інбелкульт існавала ў Беларусі ў 20-х гадах мінулага стагодзьдзя. Менавіта зь яе пазьней выйшла Акадэмія навук, а таксама безьліч значных дзеячаў беларускай палітыкі і культуры. У 30-х амаль увесь кіруючы склад Інбелкульту, у тым ліку Ўсевалад Ігнатоўскі, Вацлаў Ластоўскі, Язэп Лёсік і Сьцяпан Некрашэвіч, былі рэпрэсаваныя.

Пачне працу Інстытут ужо ў бягучым годзе.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.075 seconds.