На баі падушкамі міліцыянты прыехалі з пушкамі

У атмасфэры кансьпірацыі ў Менску прайшлі баі падушкамі, прысьвечаныя гадавіне бітвы пад Воршай. Акцыя была забароненая ўладамі, у выніку з болей чым сотні ўдзельнікаў 35 чалавек з падушкамі трапілі ў міліцыю. У заплянаваным месцы каля плошчы Я.Коласа акцыя была сарваная, аднак пазьней адбылася ў парку Горкага і на Нямізе.

Сапраўдны «падушачны фронт» зьявіўся сёньня ў Менску. Гэтым разам ужо традыцыйная забава моладзі на значныя гістарычныя сьвяты больш нагадвала партызанскія дзею з элемэнтамі гульні казакі-разбойнікі. Пасьля адмовы Менгарвыканкаму прадаставіць месца для бою у гонар перамогі ў бітве пад Воршай, арганізатары абвясьцілі, што мерапрыемства пераносіцца, але не адмяняецца, а таксама выклікалі намесьніка старшыні Менгарвыканкама Міхаіла Ціцянкова на падушачную дуэль.

У строгай кансьпірацыі сацыяльнай сеткі Vkontakte у 7 гадзін вечара за філярмоніяй у раёне плошчы Якуба Коласа сабраліся каля сотні старшаклясьнікаў і студэнтаў з падушкамі. Спадар Ціцянкоў на бой не зьявіўся, затое інструктаж баявых падразьдзяленьняў — моладзі, падзеленай на войскі маскавітаў і войскі Вялікага княства, — быў перапынены нарадам міліцыі.

«А што, мянты таксама Vkontakte чытаюць?» — зьдзіўлена запыталася дзяўчына з маленькай падушкай у кветачку. Хутка запіхнуўшы яе ў заплечнік, дзяўчына рушыла зь сябрамі ў бок Залатой горкі.

Бой так і не распачаўся, але некалькі маладых людзей з падушкамі трапілі ў міліцэйскія машыны.

Празь некаторы час людзі з падушкамі зьвіліся ў парку Горкага, дзе на беразе Сьвіслачы ўсё ж распачалі бойку. Яна цягнулася каля 15 хвілін, на ўзьбярэжнай зьявіўся даволі шчыльны слой пуху. Арганізатары прапанавалі «жаўнерам» перамясьціцца ў іншую частку парка, але працяг бітвы быў перакрэсьлены новым нарадам міліцыі, які зноў затрымаў некалькіх людзей з падушкамі. Небясьпеку таксама выклікала пер’е на галаве — яно стала падставай для праверкі дакумэнтаў некаторых удзельнікаў «баёў».

Трэці бой, ужо ў цемры, адбыўся на беразе Сьвіслачы ў раёне Нямігі. Тут засталося толькі некалькі дзесяткаў найбольш адданых «падушачнікаў». Перад пачаткам апошняга за гэты вечар бою ім быў прэзэнтаваны рэп, прысьвечаны забаронам на менскія падушачныя баі.

Паводле паведамленьняў у Твітэры аднаго з затрыманых Яўгена Іванюка, 14 чалавек трапілі ў аддзяленьне міліцыі Савецкага раёну Менску, дзе ў затрыманых здымаюць адбіткі пальцаў і зьбіраюць інфармацыю пра месца жыхарства. Непаўнагадовых затрыманых адпускаюць з бацькамі, хаця падушкі просяць пакідаць у міліцыі.

Паводле інфармацыі Радыё Свабода, агульная колькасьць затрыманых па выніках менскіх баёў падушкамі дасягнула 35 чалавек. На дадзены момант усе яны знаходзяцца на волі.

Папярэдняя спроба правесьці ў Менску бой падушкамі ў гонар 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы таксама скончылася затрыманьнямі, у тым ліку і яе арганізатара Андрэя Кіма.

Гісторыя беларускіх бітваў падушкамі зацікавіла блогера з Тэхасу, які разьмясьціў адмысловы зварот да беларускай моладзі на YouTube, прысьвечаны забароне баёў: «ня бойцеся».

Падрабязьней пра тое, як прайшлі сёньня баі падушкамі — у нашым вялікім фотарэпартажы

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.061 seconds.