Улады скасуюць гастрольныя пасьведчаньні
Хутка ў Беларусі можна будзе арганізоўваць канцэрты без папярэдняга дазволу мясцовых уладаў. У выніку, на думку чыноўнікаў, у Беларусі нарэшце паўстане «сучасны, цывілізаваны шоў-бізнэс».
На дадзены момант каб наладзіць канцэрт, арганізатары павінныя падаць заяўку на яго правядзеньне ў аддзел культуры мясцовай адміністрацыі, атрымаць гастрольнае пасьведчаньне і ахвяраваць дзяржаве да $3 500. А за правядзеньне канцэрту без дазволу можна атрымаць штраф да $5 900. Паводле паведамленьня прэс-службы прэзыдэнта, у хуткім часу патрабаваньне атрымліваць гастрольныя пасьведчаньні скасуюць, а арганізатараў абавяжуць толькі паведамляць, але не прасіць дазвол, на будучы канцэрт.
«Увядзеньне „гастролек“ было чарговым службовым глупствам, яны страхаваліся, як бы чаго не адбылося. Зараз глупства адмяняецца, і гэта добра», — пракамэнтаваў парталу «Заўтра тваёй краіны» адмену гастрольных пасьведчаньняў лідэр гурту «Палац» і арганізатар шэрагу фэстаў Алег Хаменка.
Адмену гастрольных пасьведчаньняў у Адміністрацыі прэзыдэнта называюць далейшым крокам па лібэралізацыі эканамічнай дзейнасьці.
«Такі парадак выклікае залішнюю папяровую валакіту і дадатковыя фінансавыя выдаткі. У выніку пакутуюць артысты і гледачы», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы.
Практыка атрыманьня абавязковых гастрольных пасьведчаньняў была ўведзеная ў 2008 годзе. Адбылося гэта пасьля ўваходжаньня ў сілу прэзыдэнцкага ўказу «Аб арганізацыі гастрольна-канцэртнай дзейнасьці». Тады гастрольныя пасьведчаньні ўвялі каб, у тым ліку, прадухіліць «правядзеньне культурна відовішчных мерапрыемстваў нізкага мастацкага ўзроўню або тых, якія нясуць пагрозу маралі, грамадзкаму парадку, правам і свабодам грамадзянаў».