2.10 — S*unduk — новы музычны праект экс-музыкаў «Дзецідзяцей»

А вось і доўгачаканая навіна ад музыкаў гурта «Дзецідзяцей», якія з пачатку лета аглушылі ўсіх прыхільнікаў навіной пра спыненьне дзейнасьці і сыход у бестэрміновы адпачынак. Ганна Хітрык, Юлія Глушыцкая, Павал Чымбаевіч, Андрэй Сапаненка, а таксама гітарыст Клім Лукьянёнак падрыхтавалі цалкам новую праграму знаёмай і любімай усімі творчасьці. Прэзэнтацыя «Сундука» пройдзе 2 кастрычніка, а пра што ён — чытаем у аповедзе, дзе добра пазнаецца стыль Ганны Хітрык.

«Сундук»… «Сундук». «Сундук» — гэта вельмі добрая, карысная, проста чароўная рэч! Хіба бываюць дрэнныя асацыяцыі са словам куфар? Старажытны, бабулін, таямнічы… І хаця ў мяне ніколі не было вёскі, каб яшчэ дзіцем у яго забрацца, ужо дарослай я бачыла, як бабулі адкрываюць гэтыя свае бабуліныя куфры, як дастаюць адтуль і паказваюць свой пасаг, што вось ужо гадоў 60 захоўваецца разам зь вясельнай сукенкаю, зь нейкімі дарагімі кавалкамі тканіны (такімі дарагімі, што за ўсе гэтыя гады зь іх нічога не было пашыта), з сухімі кветкамі, галінкамі нейкімі — проста цуды!

У куфры заўсёды ёсьць скарб. І стаўшы адзін раз назаўсёды дзяўчынкай Пэпі
Доўгая панчоха, я адправілася на вечныя пошукі прыгодаў, на пошукі свайго каштоўнага скарбу. У ім няма золата і камянёў, у ім іншыя багаЦтвы і скарбы: у маім куфры будзе шмат гаечак, цьвічкоў розных, гузічкаў…

З куфрамі заўсёды добрыя асацыяцыі. Нават куфар Мерцьвяка ніколькі ня страшны, бо там без піратаў не абышлося. А гэта, скажу я вам, яшчэ тыя прыгоды, вандроўкі. Куфар заўсёды з казкамі.

У мяне таксама ёсьць свой куфар, нават два, хоць я зусім не бабуля. У адным — ляжаць тры гады жыцьця гурта «ДзеціДзяцей»: афішки, флаеры, падарункі, нататачкі з усіх канцэртаў, разнастайныя мілыя, дарагія мне штучкі, гузічкі і гаечкі. Дзіўна: тры гады ў адным куфры!

Ёсьць у мяне яшчэ адзін ма-а-ленькі куфэрачак — музычная скарбонка, займець якую я марыла ўсё жыцьцё, каб слухаць яе мэлёдыю, набіваць яе даверху скарбамі. Шкада, што мэлёдыя ў ёй усяго адна адзіная. І вось перабіраючы неяк свае ўспаміны апошніх трох гадоў, я падумала, а вось калі б быў музычны куфар, у які ўлазіла б столькі песень, колькі душы заўгодна. Сядзіш, слухаеш, а скарбонка ўсё грае адну за адной розныя любімыя песенькі — чароўная і вельмі патрэбная рэч!

А ўсе патрэбныя рэчы абавязкова прыходзяць у свой час. Цяпер у мяне ёсьць такі куфар, і ў ім шмат мэлёдый! У ім ужо пасяліліся новыя анучкі, паперкі, нататачкі. Стары куфар поўны даверху, а ў гэтым яшчэ вельмі шмат месца для таго, каб скласьці ў яго новыя багаЦтвы!

Але ўсё ж самыя каштоўныя зь іх — гэта песьні, гукі, музыка, мэлёдыі — SoundS*unduk — музычная скарбонка з казкамі, сюрпрызамі, падарункамі… Як заўсёды: вы ж мяне ведаеце.

Ганна Хітрык, Юлія Глушыцкая, Павал Чымбаевіч, Андрэй Сапаненка (экс-музыкі гурта «ДзеціДзяцей»), а таксама гітарыст Клім Лукьянёнак з цалкам новай праграмай знаёмай і любімай усімі творчасьці. 2 кастрычніка ў 19.00 у Палацы культуры вэтэранаў (Я. Купалы, 21) — S*unduk, поўны казак, новых песень і абавязкова сьветлага настрою. Даведкі: +37529 6490888, +375295729027.

14:00, 06/09/2010 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1348 seconds.