Болей за 4000 студэнтаў і навучэнцаў Віцебскай вобласьці паедуць на бульбу
Толькі першы няпоўны тыдзень новага навучальнага году 4300 віцебскіх студэнтаў і навучэнцаў будуць вучыцца. Ужо ў бліжэйшы панядзелак 6 верасьня яны паедуць дапамагаць зьбіраць ураджай бульбы, гародніны і льна ў калгасы 18-ці раёнаў Віцебскай вобласьці.
Ёсьць меркаваньне, што сярэдні беларус зьядае штодзень амаль кіляграм бульбы. Фота jamespiatt.com
Асноўную групу зьбіральнікаў складуць навучэнцы ПТВ — 2300 чалавек. 1300 навучэнцаў здымуць з заняткаў сярэдне-спэцыяльных навучальных установаў. З чатырох віцебскіх ВНУ на прыборку ўраджаю паедуць 690 першакурсьнікаў.
Намесьнік начальніка ўпраўленьня адукацыі Віцебскага аблвыканкаму Сяргей Каваленка паведаміў БелТА, што актывісты БРСМ будуць займацца на месцах арганізацыяй культурна-масавых мерапрыемстваў і спартыўных спаборніцтваў.
Колькі часу студэнты будуць працаваць на палетках замест вучобы, чыноўнік не ўдакладніў.