27-28.08 — пад Менскам зноўку чакаецца «Навальніца» з фэервэркаў

27–28 жніўня ў ГСАК «Лагойск» пройдзе другі міжнародны фэстываль фэервэркаў «Навальніца», у межах якога за перамогу пазмагаюцца лепшыя піратэхнічныя каманды Эўропы, а музычнае суправаджэньне завершаць «Бі-2» і «Акварыюм».


Першы фэстываль «Навальніца» зь вялікім посьпехам прайшоў на гэтай жа пляцоўцы год таму, сабраўшы за тры дні больш за 30 тысяч гледачоў. Пра ўзровень удзельнікаў красамоўна сьведчыць той факт, што перамагла ў мінулым годзе каманда Blikas зь Літвы праз некалькі месяцаў выйграла чэмпіянат Эўропы па вэрсіі EUFIAS.

У гэтым годзе фэстываль будзе ня менш прадстаўнічым. У рамках конкурснай праграмы паказаць сваё мастацтва стварэньня вогненных карцін ў небе прыедуць вядучыя піратэхнікі зь Італіі, Эстоніі, Украіны, Польшчы і Расіі. Завершыць жа фэст пазаконкурсны гала-фэервэрк ад беларускай каманды «Кальвін», чэмпіёна Эўропы 2007 года. Ацэньваць выступленьні будзе аўтарытэтнае міжнароднае журы.

«Праграма гэтага года будзе нават больш насычанай — у кожны зь дзён гледачы ўбачаць выступы трох піратэхнічных каманд, а музычную частку фэстывалю ўзначаляць «Бі-2» і «Акварыюм». Акрамя гэтага мы прыклалі шмат намаганьняў для вырашэньня транспартнага пытаньня — будзе павялічана колькасьць фэстывальных аўтобусаў зь Менску і зьявіцца дадатковая паркоўка на 3 тысячы машынамесцаў», — распавёў кіраўнік аргкамітэту фэстывалю Ігар Сідаровіч.

Кошт квітка на кожны з фэстывальных дзён складае 80 тыс. руб. Дзеці да 12 гадоў у суправаджэньні бацькоў — бясплатна. Набыць квіткі можна ў касах Палаца Рэспублікі, КЗ «Мінск», у пераходзе на пл. Я. Коласа, у электронных сыстэмах TicketPro, Place.by, Kvitki.by і на сайце www.soundline.by. Даведка і замова: (025) 952 45 55. Больш падрабязная інфармацыя пра фэст на сайце www.navalnica.by.

09:20, 03/08/2010 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0601 seconds.