«Навальнічныя» музыка і фэервэркі ў Лагойску

Ляпис Трубецкой

Тысячы людзей сабраў Горналыжны курорт «Лагойск» у апошнія выходныя лета. У небе вырасталі кветкі і вымалёўваліся лічбы. Спаборнічалі ў піратэхнічным майстэрстве каманды зь Нямеччыны, Францыі, Латвіі і Славакіі. Пераможцамі «фэерычнага» спаборніцтва стала літоўская каманда піратэхнікаў «Blikas». Падрабязнасьці правядзеньня беспрэцэдэнтнага для Беларусі адборачнага тура чэмпіянату Эўропы — у рэпартажы Generation.bY.

У кожны з трох «навальнічных» вечароў дзьве піратэхнічныя каманды дэманстравалі сваё майстэрства. Фармат мерапрыемства — музыка і фэервэркі. Хэдлайнэрам фэстывалю 28 жніўня выступіў «J:морс», 29 жніўня — «Ляпіс Трубяцкой», а ў заключны дзень конкурсу — гурт «Палац».

Сюрпрызам стаў удзел у праграме гуртоў «Нэйра Дзюбель», «Немо» і Drum Ecstasy. Праграма імпрэзы спалучала выступы гуртоў, конкурсы, забавы для дзяцей.

Пасьля паказу апошніх фэервэркаў нешматлікіх аматараў начной паці да самай раніцы забаўлялі ды-джэі — DJ Top, DJ I.F.U., DJ Arsenti Tchouprina, DJ Shishkin, DJ Light PM.

Такая маштабная падзея не абыйшлася без арганізатарскіх замінак. Кожны дзень праграма пачыналася мінімум на гадзіну пазьней. Як гледачы, так і выступоўцы не маглі своечасова трапіць на фэст з-за вялікіх пробак на пад’езьдзе да Лагойску. «Фэстывальныя» аўтобусы высаджвалі гледачоў наўпрост на шашы за два кілямэтры да месца, і тыя, самаарганізоўваючыся ў групы, рушылі на фэст наўпрост «на гук». 

Ці то з-за папулярнасьці хэдлайнэраў, ці то з-за зручнага выходнага вечара і добрага надвор’я, абсалютная большасьць наведвальнікаў прыпала на суботу. Доўгая чарга з жадаючых патрапіць на фэст у разы тры перавышала колькасьць месцаў у двух аўтобусах, якія курсіравалі раз на гадзіну.

Пад час чаканьня аўтобусаў каля Нацыянальнай бібліятэкі людзі знаёміліся, перамаўляліся, сядзелі на газонах і арганізоўвалі свае прыватныя міні-паці. Месцаў відавочна на ўсіх не хапала, таму людзі кампаніямі выклікалі таксоўкі і плацілі не папярэдне абвешчаныя пару тысячаў за даезд, а мінімум 50 тыс. з машыны.

Цэлыя сем’і і закаханыя пары прыяжджалі пабачыць фэервэркі «зайцамі». Вялікае скапленьне машын на 4–5 км у кожны бок па шашы ў Віцебскім накірунку ўтварылі вялікія і працяглыя па часе аўтамабільныя заторы. Такой масавасьці Лагойск, пэўна, ня бачыў ніколі раней.

Музычныя выступы межаваліся зь піратэхнічнымі. У небе распускаліся кветкі, вымалёўваліся лічбы, на цёмным фоне рассыпаўся зорны дождж. Візуальнае і гукавое шоў узмацнялі ўражаньне. Для Беларусі такія фэервэркі сапраўды ўпершыню.

Па ацэнцы прафэсійнага журы, у якое ўваходзілі прадстаўнікі Эўрапейскай асацыяцыі фэервэркаў (EUFIAS) і Расійскай асацыяцыі вытворцаў і дэманстратараў фэервэркаў першае месца заваявала літоўская каманда «Blikas». Другое месца дасталося чэскай камандзе «Minergis», а на трэцім месцы апынулася француская каманда «Le Fir». Прызёрамі сталі нямецкая каманда «Jup Fireworks», славацкая «Pyro Moravia», латвійская «Petarde».

Колькі каштавалі ўсе гэтыя агні і гукі, арганізатары не прызналіся, спаслаўшыся, што для адных гэта сума падасца сьмешнаю, а для іншых — завоблачнай. Вядома толькі, што кожная каманда піратэхнікаў мела аднолькавы бюджэт для свайго шоў.

Глядзіце таксама тэматычныя фотарэпартажы з фэсту:

Аўтар фота Юра Сідун

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0735 seconds.