Стваральнік сайту Wikileaks — сучасны партызан Джуліан Асандж

Стваральніка Wikileaks, скандальнай базы дадзеных пра вайсковыя апэрацыі Злучаных Штатаў, Джуліана Асанджа можна назваць сучасным падпольшчыкам: ён фактычна ня мае дому, вандруючы зь дзіцячых часоў, бясконца ствараючы праблемы для вайсковага ведамства самай магутнай дзяржавы сьвету. Апошняя публікацыя Wikileaks з 90 тысячамі сакрэтных дакумэнтаў пра вайну ў Аўганістане прыцягнула да фігуры Асанджа яшчэ большую ўвагу. 


Джуліан Асандж у дзяцінстве 37 разоў мяняў месца свайго знаходжаньня

Дакумэнты пра Аўганскую кампанію сталі пікам невялікай біяграфіі сайту Wikileaks, што быў заснаваны Асанджам у 2006 годзе. Пасьля публікацыі прадстаўнікі Пэнтагону заявілі, што на руках Джуліана кроў салдат. У дакумэнтах утрымліваюцца падрабязныя зьвесткі пра апэрацыі войскаў ЗША у Аўганістане. Прычым, як высьвятляецца, некаторыя зь іх былі зьвязаныя з гібельлю мірных жыхароў, пра што раней не казалася. Таксама ў матэрыялах утрымліваюцца імёны інфарматараў войскаў. Часопіс New Yorker «раскапаў» цікавыя факты зь біяграфіі гэтага чалавека.

Бацькі Джуліана пазнаёміліся на антываенным мітынгу. Джуліанаў тата быў заўзятым байкерам і архітэктарам. А маці лічыла, што школа хлопчыку не патрэбная. Аднойчы яна ўзяла Джулаіна і ўкаціла на матацыкле ў Сіднэй, дзе малявала, падпрацоўвала акторкай і натуршчыцай. Маленькі Джуліан 37 разоў мяняў месца свайго знаходжаньня, бо маці хавалася ад свайго бойфрэнда.

Пасьля Джуліан вучыўся на фізычным факультэце, але расчараваўся ў сваіх таварышах-сакурсьнікаў. У 80-х ён пачаў праграмаваць, пасьля чаго стаў пасьпяховым хакерам, і ў 1990-я нават трапіў пад суд за ўзлом сеткі кампаніі Nortel. Яго не прысудзілі да пакараньня, але Джуліан пасьпеў маральна падрыхтавацца, тры разы перачытаўшы «У крузе першым» Аляксандра Салжаніцына, для таго, каб, як піша New Yorker, даведацца, «як прыходзілася навукоўцам у ГУЛАГу». Тады ён далучыўся да суполкі хакераў, якія ўрываліся ў сеткі Міністэрства ўнутраных спраў ЗША і навуковых лябараторый, якія займаліся распрацоўкай ядзернай зброі.

Сваю жыцьцёвую філязофію Джуліан выклаў у кнізе, названай «Падпольле». Асандж мяркуе, што ён генэтычна схільны да паўстанцкай дзейнасьці. У свае 39 ён ня мае пастаяннага дому і вандруе з ноўтбукам па сьвеце, а ночыць у бясконцых сяброў і сяброў сваіх сяброў.

Сайт Wikileaks заснаваны вакол ідэі Асанджа, што любое нелегітымныя кіраваньне пабудаванае на змове. Разбураючы таемныя каналы камунікацыі, то бок публікуючы ўцечкі, можна змагацца з замовамі — і, значыць, са злоўжываньнямі ўладаў. У выніку па частцы сакрэтнасьці Wikileaks можа параўнацца хіба што з Пэнтагонам. Адзін з праграмістаў праекту распавёў New Yorker (на ўмовах ананімнасьці), што ніхто з кіраўнікоў ня мае доступу да ўсіх частак сайту «для іх жа ўласнай бясьпекі». Уся перапіска зашыфраваная, а інфармацыя і дамэнныя імёны шматразова дубляваныя. Гэта дапамагае, у прыватнасьці, працаваць у Кітаі, які закрыў для карыстальнікаў усе адрасы, што зьмяшчаюць слова «wikileaks». А сэрвэры праекту знаходзяцца ў краінах, якія абараняюць свабоду слова. Напрыклад, у Ісьляндыі.

Дарэчы, папярэдні гіт Джуліана — відэа, на якім амэрыканскія вайскоўцы расстралялі аўтобус зь мірнымі іракцамі, — рыхтаваўся ў сапраўдным падпольлі ў Ісьляндыі. Джуаліан Асандж не адзіночка. У яго ёсьць каманда, і тысячы спачувальнікаў. Пасьля скандальнага відэа зь Іраку на яго рахункі паступіла $200 000 ахвяраваньняў, што дазволіла існаваць сайту цэлы год.

Нядаўна каманда Джуаліана даведалася, што іх сайтам карыстаюцца амэрыканскія войскі. У вялізнай базе Wikileaks яны знаходзяць інфармацыю пра запасныя часткі да свайго вайсковага абсталяваньня.

Цяпер Асандж ня можа зьяўляцца ў ЗША, а старэйшы рэдактар Wikileaks Джэйкаб Эплбаўм, фактычны прадстаўнік Асанджа ў ЗША, за апошнія некалькі дзён два разы быў дапытаны прадстаўнікамі разьюшаных уладаў. Але Асандж абяцае і надалей публікаваць матэрыялы, зьвязаныя з вайсковымі апэрацыямі Злучаных Штатаў. На яго думку, яго дзейнасьць — гэта і ёсьць сапраўдная журналістыка.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0625 seconds.