На журфаку БДУ — адкрытае парушэньне канстытуцыі

Першы дзень датэрміновага галасаваньня адзначыўся на журфаку рэпрэсыямі дзікунскіх памераў, вельмі падобнымі па сваім характары да страшэнных падзеяў 37-га. Парушэньне Канстытуцыі, пагрозы й татальны кантроль над усім і ўсемі, запалохі нязгодных, несупыннае ідэалягічнае замбаваньне, падман і хлусьня на кожным кроку, пошук ворагаў зь “фігамі ў кішэні”, студэнты-шпікі — вось чым жыве найстарэйшы ў былым Саюзе факультэт журналістыкі напярэдадні сваіх 60-х угодкаў.

Большасьць іншагародніх студэнты-журналістаў прыпісаны да 99-га выбарчага участку, што месьціцца ў інтэрнаце № 10 па вуліцы Курчатава. Асаблівых ілюзыяў адносна вынікаў галасаваньня ніхто ня мае: гэты ўчастак — адзіны з трох у горадзе, дзе ня зьявіцца аніводны назіральнік. Акрамя таго, відавочна, што ўся “справа” будзе зробленая яшчэ да 17-га кастрычніка, дня афіцыйных выбараў.

У аўторак з самага ранку ў журфакаўскіх інтэрнатах №3 і №10 пачаліся адміністрацыйныя абыходы й “аблавы”. Тых студэнтаў, хто трапляўся ім на вочы, толькі што не сілком цягнулі на ўчастак.

“Першы абыход я адседзела ў душы, — кажа Алена Н. — а пасьля, пры спробе выйсьці з будынку незаўважанай, патрапіла на вочы камэнданткі: “Ну што Алена, зьбіраешся галасаваць? — Дык пашпарту з сабой няма. — А навошта ён табе? Я пацьверджу, што цябе ведаю”.

Пакінуць будынак да 10-й (адкрыцьцё ўчастку) і вярнуцца дамоў пасьля 19-й (закрыцьцё) — ці не адзіная мажлівасьць пазьбегнуць датэрміновага прыцягненьня на ўчастак. Але толькі гэтым ціск не абмяжоўваецца. Студэнтам пагражаюць, што ў выніку адмовы галасаваць датэрмінова, ацяпленьня ім ня ўключаць. На самім факультэце распрацавана адмысловая схема, калі большасьці выкладчыкаў-супрацоўнікаў журфаку давераны кантроль над некалькімі студэнтамі. Цікавая заканамернасьць: гэтыя самыя выкладчыкі ёсьць куратарамі практык у гэтых самых студэнтаў, якія цалкам ад іх залежаць.

“Мая куратарка мне так і намякнула, што “ёй не спадабалася мая справаздача ад практыцы і калі я не прагаласую датэрмінова, яна маю практыку не залічыць”, — распавёў нам Дзьмітрый С.

Перадвыбарчыя высілкі адміністрацыі журфака даходзяць да дзікунскага: у першы дзень датэрміновага галасаваньня па аўдыторыях факультэту лёталі ейныя прадстаўнікі па сьпісах вывяраючы, хто ўжо прагаласаваў, хто яшчэ не. Даходзіць нават да таго, што падчас хады пары на мабільны выкладчыка тэлефануе старшыня ягонай катэдры з просьбай перадасьці слухаўку аднаму з студэнтаў, каб пераканацца ў тым, што падначалены своё грамадзянскі доўг выканаў.

У чым прычына такой актыўнасьці кіраўніцтва?! Няма сумневу, у падмурку датэрміновай ліхаманкі ў Белдзяржунівэрсытэце палягае імкненьне новасьпечанага рэктара Васіля Стражава паказаць сваю адданасьць Аляксандру Лукашэнку й спраўдзіць ягоны давер. Прыгадайма, што на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году больш як  75% студэнтаў БДУ падтрымала кандыдата аб’еднанае апазыцыі Уладзімера Ганчарыка. Вынікам, Унівэрсытэт быў пазбаўлены прывілеяванага статусу, а ягоны рэктар Аляксандар Казулін апынуўся ў прэзыдэнцкай няласцы .

Цяперака падобнае паўтарыцца не павінна. Ня дзіўна й тое, што самыя жорсткія рэпрэсыі адчуваюць на сябе менавіта будучыя журналісты, звычайна — найбольш палітычна актыўныя са студэнтаў БДУ. Каму, як ня ім, празь якія некалькі гадоў фармаваць грамадзкую думку. І да гэтага часу яны мусяць быць “правільна” скіраваны. Важкім чыньнікам ёсьць і тое, што дэкан журфака Васіль Вараб’ёў некалькі гадоў таму атрымаў з рук А.Лукашэнкі Ордэн імя Ф.Скарыны, відаць, за пасьпяховую працу на ніве выхаваньня “чэсных” журналістаў.      

Увесь час мы чуем: “Дэкан нясе адказнасьць за тое, як вы прагаласуеце”, “Не падводзьце сваіх выкладчыкаў”, “Вы павінны паказаць прыклад усім іншым!” А ці думалі спадары Вараб’ёў, Рудэнка, Дзьмітрыеў, Іўчанкаў ды іхныя памагатыя аб тым, што адкрытае парушэньне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь — артыкула 33 (“Кожнаму гарантуецца свабода поглядаў, перакананьняў і іх свабоднае выказваньне”); арт.38 (“Грамадзяне РБ маюць права свабодна выбіраць і быць выбранымі ў дзяржаўныя органы на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога або ўскоснага выбарчага права пры тайным галасаваньні”); арт. 53 (“Кожны абавязаны паважаць годнасьць, правы, свабоды, законныя інтарэсы іншых асоб”); арт.65 (“Выбары зьяўляюцца свабоднымі: выбаршчык асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць яму ў выбарах і за каго галасаваць”); арт.76 (“Рэфэрэндумы праводзяцца шляхам усеагульнага, свабоднага, роўнага і тайнага галасаваньня...”) — перасьледуецца ў крымінальным парадку.  

Рэфэрэндум пройдзе. Ня сёньня, дык пасьлязаўтра, ўлада зьменіцца. Хоцькі-няхоцькі вінаватыя сядуць на лаву падсудных і адкажуць па закону. Памятайце пра гэта, унівэрсытэцкія “рупліўцы”!

Вінцэсь Шчаблоўскі, ф-т журналістыкі БДУ 
Яшчэ пра падзеі на факультэце журналістыкі БДУ чытайце ў наступных артыкулах:

На журфаку БДУ прымушаюць галасаваць датэрмінова Журфак БДУ: Раней некаторыя хаваліся ў шафах, але іх знайшлі

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0644 seconds.