Лепшыя ўнівэрсытэты Беларусі — БДУ і ГрДУ

Паводле рэйтынгу лепшых унівэрсытэтаў сьвету, які кожныя паўгода складаецца Гішпанскай асацыяцыяй грамадзкіх навук, лепшымі ўнівэрсытэтамі Беларусі зьяўляюцца Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт і Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Я. Купалы. У рэйтынгу з 12 тысячаў ВНУ яны займаюць 1476 і 3277 пазыцыі адпаведна.


БДУ узьняўся ў рэйтынгу лепшых унівэрсытэтаў на 281 радок

Беларускія ўнівэрсытэты ня здолелі ўвайсьці нават у тысячу лепшых сярод 12 тысячаў ВНУ рэйтынгу. Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт заняў 1476 месца. Бліжэйшыя да яго беларускія ВНУ — ГрДУ (3277 пазыцыя), БДУІР (5005 пазыцыя) і БДПУ (5182).

У параўнаньні з папярэднімі гадамі, БДУ узьняўся ў рэйтынгу. Так, у 2008 годзе ён займаў 1757 пазыцыю, а ў 2007 — 1663 месца. А вось Гарадзенскі ўнівэрсытэт наадварот «праваліўся». У 2008 годзе ён займаў 2312 радок.

Агулам у гішпанскім рэйтынгу аказаліся 35 беларускіх ВНУ з 45 дзейных у краіне.

У першую тысячу рэйтынгу трапіла тры ўнівэрсытэты Літвы (лепшы тут Каўнаскі тэхналягічны ўнівэрсытэт на 803 пазыцыі), тры ВНУ Расеі (лепшы МДУ) і цэлых дзесяць унівэрсытэтаў Польшчы.

У ліпеньскім рэйтынгу ўнівэрсытэтаў сьвету традыцыйна лідуюць унівэры ЗША: першае месца займае Гарвардзкі ўнівэрсытэт, другое — Масачусацкі тэхналягічны інстытут, трэцяе — Стэнфардзкі ўнівэрсытэт.

Рэйтынг унівэрсытэтаў сьвету ўжо шосты год складае і раз у паўгода публікуе кібэрнэтычная лябараторыя, створаная Нацыянальным саветам навуковых дасьледаваньняў Гішпанскай арганізацыі грамадзкіх навук.

Пры складаньні сьпісу прымаюцца ў разьлік тры асноўных крытэры:

  • Памер (size) — агульная колькасьць старонак на сайце арганізацыі, якая вылічваецца па дадзеных пошукавых машын
  • Цытаванасьць (visibility) — колькасьць унікальных гіпэрспасылак на сайт зь іншых рэсурсаў.
  • Колькасьць і рэлевантнасьць «файлаў з дадзенымі» («rich files») — файлаў з пашырэньнямі pdf, ps, docі ppt. Лічыцца, што гэтыя фарматы часьцей за усё выкарыстоўваюцца для публікацыі навуковых прац.

Як адзначаюць экспэрты, у складаньні рэйтынгаў унівэрсытэтаў улічваецца даволі шмат фактараў, дзякуючы якім ВНУ вялікіх англамоўных краін заведама маюць магчымасьць дамінаваць.

«У рэйтынгах дамінуюць англамоўныя навуковыя ўстановы, навуковыя часопісы, што выдаюцца на ангельскай мове, і гэта таксама грае сваю ролю. Мае значэньне і памер унівэрсытэту» , — лічыць генэральная сакратарка Сусьветнай асацыяцыі ўнівэрсытэтаў Э. Ерган-Полак.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0577 seconds.