Прафэсар Ягелонскага ўнівэрсытэту: «Культурай кіруюць — і гэта факт!»

Гаген быў ня лепшым мэнэджэрам культуры, а той, хто займаецца кіраваньнем у сфэры культуры, — асоба клясу вышэйшага, чым звычайныя кіраўнікі. Гуру мэнэджмэнту і культуры Польшчы, прафэсар знакамітага Ягелонскага ўнівэрсытэту Эміль Ажэхоўскі патлумачыў у інтэрвію Generation.bY, як і навошта кіраваць культурай, дзе гэтаму можна навучыцца і што бывае з тымі, хто навучыцца ўсё ж здолеў.

Навошта патрэбныя мэнэджэры культуры?

Гэта, як быццам, відавочна: культурай кіруюць, і гэта факт, нават калі камусьці гэта не падабаецца. Кожная ўстанова культуры, кожны асобны творца дзейнічае ў пэўным асяродзьдзі, і гэтае асяродзьдзе мае на яго істотны ўплыў — я не кажу аб зусім выключных сытуацыях, калі Гаген уцякае дзесьці там на нейкі востраў, альбо Нікіфар — народны мастак, які ўвогуле жыў на вуліцы… Такія творцы не патрабуюць зьвяртаць увагу на тое, што робіцца вакол іх.


Уваход у новы корпус, дзе знаходзіцца Ўнівэрсытэт Культуры

Але нармальная сытуацыя выглядае так: артыст стварае нейкі прадукт, і гэты прадукт прадаецца, праходзіць праз ланцуг ад вытворцы да пакупніка з дапамогай такіх пасрэднікаў як, напрыклад, галерэі, кнігарні. Гэта від бізнэсу, а бізнэсам у нашы часы немагчыма займацца, ня ведаючы правілаў гэтай гульні. Таму мэнэджэр, які патрэбны ў кожнай камэрцыйнай фірме, таксама неабходны ў кожнай фірме, установе, арганізацыі, якая мае іншыя мэты, бо яна дзейнічае ў рынкавым асяродзьдзі і павінна лічыцца зь яго рэаліямі.

Атрымліваецца, што мэнэджэр культуры адрозьніваецца ад «звычайнага» мэнэджэра тым, што абапіраецца ў сваёй працы на пэўныя культурныя вартасьці. І таму на той, хто годны звацца мэнэджэрам культуры, зьяўляецца асобай нашмат вышэйшага клясу ў сэнсе агульнай падрыхтоўкі, чым мэнэджэр, які займаецца праектам, банкавым прадуктам, рэклямай, продажам. Усё гэта — «вузкія вулачкі», тэхнікі. А ў культуры ўся дзейнасьць базуецца на рэфлексіі: «дзеля чаго?». І толькі потым: «для каго?», «як?» і гэтак далей.

Распавядзіце калі ласка пра месца, дзе вы працуеце, — Інстытут Культуры Ягелонскага Унівэрсытэту

Інстытут Культуры быў створаны зусім нядаўна — год ці два таму. У ім навучаюць па адным кірунку, які завецца культуразнаўства, але па трох спэцыяльнасьцях. Найважнейшая і найстарэйшая зь іх — мэнэджмэнт культуры. Другая спэцыяльнасьць — гэта культура XXI стагодзьдзя-то бок усё тое, што адбываецца ў культуры зараз. А на трэцюю спэцыяльнасьць, мэдыя мэнэджмэнт, набор пачнецца толькі сёлета.

Інстытут Культуры быў створаны з-за таго, што ў выніку больш чым 10-гадовага вопыту выкладаньня мэнэджмэнту культуры на кірунку Мэнэджмэнту і Маркетынгу аказалася, што strikte эканамічнае мысьленьне, дамінуючае ў гэтых галінах, не дае адказу, дзеля чаго, дзеля якіх вартасьцяў кіраваць культурай, а толькі як. Мы зразумелі, што ня можам рыхтаваць нашых студэнтаў такім чынам. Тэхнікі кіраваньня — гэта добра, яны патрэбныя, але спачатку павінна быць рэфлексія — дзеля чаго мы робім гэта. Бяз гэтага не сфармулюеш місіі ніводнай установы, асабліва установы культуры.


Біблятэка

Дзе працуюць выпускнікі Інстытута Культуры?

Пытаньне для мяне ня вельмі прыемнае, бо няма па ім канкрэтных дадзеных. На працягу некалькіх гадоў мы спрабавалі іх сабраць, і мы гэтае зробім. Але тая інфармацыя, якая даходзіць у вуснай форме, сьведчыць, што ў нашых выпускнікоў няма ніякіх праблемаў з працаўладкаваньнем. Напэўна, няма такой установы культуры ў Кракаве і ў гэтай частцы Польшчы, дзе б не працавалі нашыя выпускнікі. Відаць, што яны там запатрабаваныя.

Акрамя таго вялізны рынак працы — гэта чысты бізнэс, камэрцыйныя фірмы. Вось, для прыкладу, такі факт: дырэктарка аднаго вялікага банку сказала мне, што яна ўжо мае досыць фінансістаў і эканамістаў і будзе зараз браць на працу філёзафаў і матэматыкаў. Гэта, канешне, трэба ўспрымаць сымбалічна, бо яна мела на ўвазе, што фінансіст ці эканаміст ня выдумае нічога больш за тое, што ён ужо ведае. Гэта рутына — выкарыстаньне пэўных тэхнік. А вось філёзаф, матэматык ці мэнэджэр культуры спалучаюць крэатыўнае мысьленьне зь веданьнем тэхнік, якія трэба спалучаць. Таму за лёс выпускнікоў Інстытуту культуры я не хвалююся.


Хол

Наколькі вялікая зацікаўленасьць навучаньнем у ІК? Якія віды навучаньня прапануе катэдра кіраваньня культурай?

Зацікаўленасьць ёсьць на ўсіх магчымых узроўнях. Але тыя студэнты, што толькі скончылі школу, яшчэ не гатовыя да таго, каб думаць на ўласны рахунак. Таму мы жадаем, каб да нас прыходзілі людзі, якія ўжо атрымалі адукацыю, хаця б на тым жа ўзроўні бакаляўру, і тады мы прапануем ім магістэрскую праграму, якая павінна накіраваць назапашаныя імі веды ў той бок, які нам найбольш патрэбны.

І, нарэшце, яшчэ адзін узровень навучаньня — пасьлядыплёмны, разьлічаны на адзін год. Вось ужо дзесяць гадоў без аніякіх спэцыяльных прамацыйных кампаній пасьлядыплёмнае навучаньне карыстаецца вялікім попытам: штогод заявак больш чым месцаў. І гэта пры тым, што навучаньне — платнае, каштуе, калі добра памятаю, 4000 злотых (каля 1000 эўра). Большасьць студэнтаў плацяць самі, а не накіроўваюцца сваёй установай.

Дарэчы, апошнім часам пасьлядыплёмнае навучаньне мэнэджмэнту культуры зрабілася вельмі папулярным па ўсёй Польшчы — на сёньняшні дзень існуе каля 17-ці прапаноў такіх праграмаў у розных ВНУ, ад мастацкіх акадэмій да эканамічных унівэрсытэтаў — аўт.

Да таго ж наша катэдра адзіная ў Польшчы, якая мае права надаваць прафэсарскае званьне па досыць арыгінальным кірунку, які завецца «Гуманітарныя навукі. Кіраваньне».


Чарга студэнтаў на прыём да прафэсара

Ці вучацца ў Інстытуце Культуры студэнты з Усходняй Эўропы, як трапіць на вашыя праграмы студэнтам зь Беларусі?

Такія студэнты бываюць, але найчасьцей яны проста далучаюцца да ўжо існых праграмаў навучаньня, бо ў нас няма спэцыяльных праграмаў для замежнікаў. Для нас гэта ня так важна. Зараз гэта стала модным, мы маглі бы на гэтым зарабляць, але мы мусім у першую чаргу дбаць пра свае ўласныя патрэбы. А калі б хто-небудзь з-за мяжы хацеў далучыцца да нашых навучальных праграмаў, а такіх выпадкаў досыць шмат, то адзіная ўмова — гэта веданьне польскай мовы.

Як трапіць? Як спрабаваць? На шчасьце Ягелонскі Ўнівэрсытэт прапануе шмат розных стыпэндыяльных праграмаў: ёсьць Фонд сьвятой Ядвігі, ёсьць іншыя фонды. Большасьць зь іх скіравана на Усход і, вядома, кожны, хто адпавядае неабходным крытэрыям, можа атрымаць стыпэндыю і вучыцца на нашых праграмах. Акрамя таго, ёсьць яшчэ іншыя праграмы, напрыклад праграма Кіркланда — стыпэндыі з амэрыканскага фонду, рэалізаваныя ў Польшчы для студэнтаў з былога СССР.

Якія парады пан прафэсар мог даць тым, хто хацеў бы стаць мэнэджэрам культуры ў Беларусі?

Магу сказаць толькі тое, што ведаю на прыкладзе ўласнага жыцьця — проста рабіць сваю справу незалежна ад акалічнасьцяў. Калі чалавек пасьлядоўны, калі дакладна ведае, чаго хоча, раней ці пазьней наступае час, калі твае мары робяцца чымсьці, што можа стаць рэальнасьцю, чаго можна дасягнуць.

Я нарадзіўся 21 ліпеня 1944 года, калі яшчэ не было Польскай Народнай Рэспублікі. У школе, малым дзіцём я плакаў, калі памёр Сталін, плакаў пасьля сьмерці прэзыдэнта Берута. Потым я адчуваў на сабе дзейнасьці цэлай сыстэмы: так як яна функцыянавала, узьведзеная Масквой. Але я рабіў сваю справу, рабіў і ўсё! Трэба адзначыць, што гэта патрабавала вялікай вытрымкі: гэтага табе цэнзура не дазволіла зрабіць, на тое не было дазволу… А калі не давалі дазволу на масавае мерапрыемства, то мы праводзілі яго ў студэнцкім клюбе, дзе цэнзура ня была такой жорсткай. Адным словам — рабіць сваё і кропка.


Прафэсар Эміль Ажэхоўскі

Прафэсар Эміль Ажэхоўскі — сапраўдны гуру мэнэджмэнту культуры ў Польшчы, стваральнік першай у краіне катэдры Zarządzania Kulturą (Кіраваньня культурай) на факультэце мэнэджмэнту і грамадзкай камунікацыі Ягелонскага ўнівэрсытэту ў Кракаве ў 1996 годзе. Пачаўшы сваю навуковую дзейнасьць як тэатразнаўца (прафэсар зьяўляецца вялікім прыхільнікам, а таксама дасьледчыкам творчасьці знакамітай польскай акторкі Хэлены Маджэеўскай), ён быў адным зь першых польскіх навукоўцаў, які на пачатку сыстэмнай трансфармацыі ў Польшчы (канец 80-х — пачатак 90-х) узьняў пытаньне аб значэньні культурнай палітыкі, аб неабходнасьці рэформаў у сфэры культуры і культурнай адукацыі, аб стварэньні Польскай школы кіраваньня культурай. Ён зьяўляецца аўтарам шматлікіх артыкулаў, прысьвечаных праблематыцы мэнэджмэнту ў сфэры культуры: у 2008 годзе выйшаў у сьвет збор ягоных артыкулаў пад інтрыгуючай назвай «Сёньня кожны жабрак мусіць быць спраўным мэнэджэрам»; па яго ініцыятыве створанае выдавецтва Інстытута Культуры, якое публікуе разнастайныя дасьледаваньні як польскіх, так і замежных аўтараў. Два разы ў год выдаецца паўрочнік «Zarządzanie Kulturą. Kulturmanagement. Culture Management» на трох мовах, у якім друкуюцца найноўшыя дасьледаваньні аўтараў з розных краінаў, у тым ліку зь Беларусі.

Фота Анастасія Мілаванава

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0045 seconds.