Маладыя мастакі Беларусі ладзяць выставу

У красавіку 2010 года ў маскоўскім Дзяржаўным цэнтральным музэі сучаснай гісторыі Расіі прайшла выстава «Belart.by. Маладыя мастакі Беларусі», якая ўяўляе сабой частку шырокага дасьледаваньня творчых працэсаў у краіне і вызначае прастору беларускага мастацтва 21 стагодзьдзя. Цяпер у менскім Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва ўвазе гледачоў прапанаваны графічны кавалак выставы.

З найбольш значных выразных якасьцей графічнага майстэрства Рамана Сустава, Андрэя Басалыгі, Юрыя Алісевіча, Вольгі Нікішынай, Тацьцяны Радзівілка, Сафіі Піскун, Любові Абрамавай, Настасьсі Дунец выдзяляюцца глыбокі аналіз гісторыі і духоўнага жыцьця беларускага народа, відавочная інтэлектуалізацыя творчасьці, аналітычнасьць, зварот да лягічных канструкцый у кампазыцыях.

У маладых графікаў сфарміраваўся асабісты аўтарскі стыль, у сваіх кампазыцыях яны імкнуцца да абагульненьняў, філязофскіх разважаньняў, дыялёгу з гледачом. У іх работах адсутнічаюць агрэсія, нігілізм, павярхоўнасьць, салоннасьць і рэфлексіўнасьць.

У экспазыцыі можна ўбачыць пранізьлівыя, багатыя на эмацыянальныя адценьні, не падобныя на звычайныя акадэмічныя работы. Мастакі добра валодаюць традыцыямі клясычнай школы, дэманструюць выдатныя выканальніцкія якасьці і цікавыя канцэптуальныя знаходкі.

Многія ўдзельнікі выставы адзначаны прэстыжнымі міжнароднымі ўзнагародамі. Так, Павал Татарнікаў адзіны ў Беларусі ўладальнік двух прызоў „Залаты яблык“ біенале кніжнай ілюстрацыі (Славакія), Юрый Якавенка атрымаў 1-ю прэмію ІІ-ой Міжнароднай біенале графікі „Josep de Ribera“ (Гішпанія), Ганна Ціханава стала пераможцам V-га Міжнароднага конкурсу экслібрыса „Homage to Astor Piazzolla“ (Аргентына), Алена Шычко заваявала прыз Міжнароднага конкурсу міні-прынтаМ. К. Чурлёніс-125“ (Літва).

Выстава працягнецца да 8 жніўня 2010 году ў Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва.

13:00, 14/07/2010 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.3047 seconds.