Беларускі фэст у Чарнігаве Be Free адменены

Мэрыя горада Чарнігава, дзе плянавалася правесьці чацьвёрты фэст Be Free, не дала дазволу на яго правядзеньне. Афіцыйная прычына адмовы не вядомая. Каля тыдня арганізатары спрабуюць атрымаць паперу з адказам на сваю заяўку. Вусна было заяўлена пра тое, што мерапрыемства не дазволена.

Фэст Be Free

Беларускі музычны фэстываль Be Free праводзіцца з 2007 году ў розных гарадах Украіны (Луцк, Львоў, Чарнігаў) пры падтрымцы і спрыяньні мясцовых уладаў. Сёлета фэст таксама плянаваўся ў Чарнігаве на канец жніўня.

«Ніякіх нараканьняў па арганізацыі і самому мерапрыемству не было. Была атрыманая нават папярэдняя згода на правядзеньне фэсту і ў гэтым годзе. Аргкамітэт некалькі разоў наведваў горад, дзе вырашаліся ўжо практычныя моманту па правядзеньню фэсту. Таму адмова для нас была нечаканай. Варта адзначыць, што гэта ня проста адмова, гэта фактычна зрыў мерапрыемства, бо за такі кароткі час, што застаецца да меркаванай даты фэсту немагчыма знайсьці новае месца і якасна правесьці фэст», — паведамляюць арганізатары фэстывалю.

Адзін з арганізатараў Be Free Віталь Супрановіч параўноўвае сытуацыю з фэстам зь Беларусьсю: «Чыноўнікі баяцца і перакідваюць адказнасьць адзін на аднаго. Гэта можа быць зьвязана са зьменай кіраўніцтва ў цэлым ва Ўкраіне, так і мясцовымі выбарамі, што будуць вясной у Чарнігаве».

Арганізатары фэсту адзначаюць, што ў гэтым годзе Be Free не адбудзецца, аднак ужо зараз пачынаюць працу па правядзеньню фэсту ў 2011 годзе.

Паводле прэс-рэлізу

11:00, 14/07/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.114 seconds.