Падведзены вынікі Першага фэстывалю беларускамоўнай рэклямы і прамоцыі Adnak!

Аргкамітэт Першага фэстывалю беларускамоўнай рэклямы і прамоцыі Adnak! на брыфінгу ў галерэі «Ў» падвёў вынікі мерапрыемства і аб’явіў, што ўсе асноўныя мэты і задачы фэстывалю былі пасьпяхова дасягнуты і выкананы. Неабходна было ня толькі сабраць максымальную колькасьць удзельнікаў і работ, але і зразумець, у якім становішчы знаходзіцца гэтая галіна рэклямы, які ў яе патэнцыял, вызначыць шляхі далейшага разьвіцьця.

Ідэя фэстывалю належыць агульнанацыянальнай культурнай кампаніі «Будзьма беларусамі!», якая стварае і падтрымлівае мерапрыемствы, накіраваныя на разьвіцьцё беларускай нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Арганізацыйным партнэрам фэстывалю выступіў спэцыялізаваны інтэрнэт-рэсурс Marketing.by.

«Мы вырашылі ня проста сабраць лепшую рэкляму на беларускай мове. Неабходна было паглядзець на мову як сродак паўсядзённай камунікацыі і зразумець, ці ёсьць беларуская мова ў рэкляме і ці запатрабаваная яна там, — адзначыла на прэс-канфэрэнцыі па выніках фэстывалю каардынатар кампаніі „Будзьма беларусамі!“ Алена Макоўская. — Мы задаволеныя тым, што атрымалі пазытыўны адказ».

«Сёньня рэкляма — гэта частка інфармацыйнай прасторы, у якой жыве чалавек. Ужо ніхто не сумняваецца, што яна аказвае ўплыў на масавую культуру і фармаваньне сьветапогляду людзей, — упэўнены Сяргей Скараход, кіраўнік спэцыялізаванага рэсурсу Marketing.by. — У гэтым сэнсе вынікі фэстывалю дазваляюць зразумець, наколькі беларускамоўная рэкляма здольная сёньня ўплываць на нацыянальную ідэнтыфікацыю беларускага грамадзтва».

Спаборніцкі акцэнт, які ўласьцівы традыцыйным фэстывалям рэклямы, быў адсунуты арганізатарамі на другі плян. На першым пляне была грамадзкая значнасьць гэтага мерапрыемства. І тым ня менш журы, у склад якога ўвайшлі многія знакамітыя беларускія рэклямісты, ацэньвала работы па жорсткіх прафэсійных крытэрыях.

У асноўныя намінацыі фэстывалю было пададзена 105 работ ад 59 удзельнікаў. У конкурсе маладых рэклямістаў прынялі ўдзел 15 работ ад 9 удзельнікаў і каманд-удзельніц.

У конкурснай праграме фэстывалю таксама ўзялі ўдзел знакамітыя сусьветныя брэнды, якія актыўна ўжываюць беларускую мову ў сваіх камунікацыях. Гэта Samsung, Renault, Ceresit, Adidas, Bosch, Tefal.

Як і чакалі арганізатары, больш за ўсё работ паступіла ў намінацыю «Дызайн (постэры, буклеты, лагатыпы, фірмовы стыль, паштоўкі, календары, сувэнірная прадукцыя)», а таксама «Этыкетка і ўпакоўка». Журы гэтых конкурсаў вызначала фіналістаў і пераможцаў у афлайне, так як прадстаўленыя работы трэба было бачыць ужывую.

Арганізатары не памыліліся з конкурсам нерэалізаваных праектаў, у які было пададзена 19 работ. Па меркаваньні многіх членаў журы, большасьць зь іх патрабуе дапрацоўкі, каб разьлічваць на практычную рэалізацыю. Аднак сам факт таго, што беларускія рэклямісты актыўна прапануюць працаваць на поле нацыянальнай культуры і мовы, гаворыць аб многім.

Вялікую цікавасьць выклікаў конкурс на лепшы пераклад слоганаў замежных брэндаў на беларускую мову. У ім узялі ўдзел 39 чалавек. Журы давялося добра папрацаваць, каб ацаніць кожны з пяці слоганаў па трох крытэрыях.

Важна адзначыць, што да правядзеньня фэстывалю Adnak! адсутнічаў комплексны аналіз і сыстэматызацыя беларускамоўнай рэклямы, хаця было відавочна, што інтарэс прафэсіяналаў галіны да ўжываньня беларускай мовы пастаянна расьце. Разам з тым, у асноўнай сваёй масе замоўцы не рызыкавалі ўжываць яе ў рэклямных камунікацыях: пад пытаньне ставілася эфэктыўнасьць гэтага інструмэнта. Матэрыялы, сабраныя на фэстывалі Adnak!, даюць багатыя дадзеныя для аналізу і пацьвярджэньня таго пункту гледжаньня, што беларускамоўная рэкляма зьяўляецца пэрспэктыўнай і актуальнай і дае шырокія магчымасьці для эфэктыўнай камунікацыі.

Паводле прэс-рэлізу

11:30, 08/07/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0603 seconds.