У Нацыяналцы адчынілася фотавыстава «Амэрыка вачыма беларусаў»

Імклівы ліфт Нацыянальнай бібліятэкі з выглядам на вечаровы Менск з хуткасьцю самалёту нёс калі не за акіян дык у віртуальную Амэрыку дакладна — на 22-м паверсе, якраз у галерэі аглядальнай пляцоўкі Нацыянальнай бібліятэкі 23 чэрвеня адчынілася фотавыстава «Амэрыка вачыма беларусаў». Такім чынам падведзены вынік абвешчанага ў пачатку году конкурсу Амбасады ЗША «My America» сярод здымкаў беларускіх фотааматараў і прафэсійных фатографаў.

 «Ёсьць адна рэч, што аб’ядноўвае ўсіх удзельнікаў конкурсу — кожны аднойчы пабываў у Злучаных Штатах і не ўстрымаўся ад таго, каб злавіць на фотакамэру прыгажосьць і разнастайнасьць Амэрыкі», — адзначыў на ўрачыстым адкрыцьці фотавыставы часовы павераны ў справах ЗША Майкл Скэнлан.

Агулам арганізатары конкурсу атрымалі 260 працаў ад 58 фатографаў, што наведалі ЗША. Сярод канкурсантаў студэнты і школьнікі, журналісты і адмыслоўцы, турысты ды творчыя людзі. Так, сярод здымкаў на выставе фота сьпявачкі Насты Шпакоўскай (гурт Naka) з выявай калярытнага амэрыканскага вандроўніка.

На здымках культура і традыцыі ЗША, прырода, горад і жыхары, архітэктура і вядомыя мясьціны, а таксама розныя гумарыстычныя сытуацыі, сьведкамі якіх сталі аўтары фота падчас знаходжаньня ў ЗША.

Па выніках конкурсу журы, у склад якога ўвайшлі вядомыя беларускія фотамастакі Ўладзімір Парфянок, Юрый Васільеў і Аляксей Андрэеў, абрала больш за 70 работ, якія склалі экспазыцыю «Амэрыка вачыма беларусаў».

Аднак «журыць было лёгка», адзначыў Уладзімір Парфянок, для якога такая выстава «пацьверджаньне дэвізу вядомага фотамастака Ласло Махой-Надзя, які аднойчы заявіў, што ў будучыні непісьменнымі будуць лічыцца тыя, хто ня ўмее фатаграфаваць».

«Усе сучасныя людзі ўмеюць і могуць здымаць. Але ў гэтым змаганьні [конкурсе] паміж аматарамі і профі перамаглі профі, што таксама пацьвярджае адну зь ідэй фатаграфіі, што сучасную мову фота фармуюць аматары, а прафэсіяналы могуць яе разгледзець і ўнесьці ў мэйнстрым».

Пераможцамі конкурсу сталі 8 фатографаў, якія атрымалі з рук асыстэнта аташэ па пытаньнях інфармацыі, адукацыі і культуры Орлі Кайнэр ганаровыя дыплёмы і каштоўныя прызы.

Сьпіс пераможцаў выглядае так: Дзьмітрый Марозаў (Лепшы жанравы здымак), Кірыл Ганчароў (Лепшая фотасэрыя сярод прафэсійных фатографаў), Вольга Ерахавец (Лепшая фотасэрыя сярод фатографаў-аматараў), Юра Сідун (Лепшая сэрыя ў жанры вулічнага фота), Крысьціна Кушнір (Лепшы гарадзкі пэйзаж), Вольга Кутузава (Умелая перадача "невыноснай лёгкасьці быцьця"»), Вікторыя Яцынава (Паэтызацыя рамантыкі каменных джунгляў) і Яўгенія Курбат (Лепшае ўвасабленьне духа Амэрыкі).

Ад імя пераможцаў выставы ўражаньнямі з вандроўкі ў ЗША падзяліўся фатограф Юра Сідун («Лепшая сэрыя ў жанры вулічнага фота»), які наведаў ЗША роўна год таму ў складзе групы беларускіх журналістаў.

«У імклівай вандроўцы на працягу трох тыдняў мне пашчасьціла аб’езьдзіць і аблётаць некалькі штатаў. Мы пабачылі ўсход, захад ды цэнтар ЗША, замачыўшы ногі ў Атлянтычным і Ціхім акіянах ды возеры Мічыган. Уражаньняў было так шмат, што я ўсё яшчэ працягваю іх асэнсоўваць. Прыемна ўсьведамляць, што разнастайнасьць вобразаў гэтай вялікай краіны, зафіксаваная і ў маіх здымках, будзе прадстаўляць ЗША для беларусаў на гэтай выставе».

Майкл Скэнлан спадзяецца, што гэтую выставу пабачаць і іншыя гарады Беларусі. У Нацыяналцы выстава працягнецца да 5 ліпеня па адрасе прасп. Незалежнасьці, 116, 22-гі паверх.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0805 seconds.