У Менску адбудзецца майстар-кляс па спорце будучыні

Адкрыты майстар-кляс па гульні ў сквош пройдзе 26 чэрвеня ў цэнтры актыўнага адпачынку Orange Club. Сваё майстэрства прадэманструе адзін з галоўных герояў айчыннага сквошу Багдан Літвінаў. Багдан гуляе ў сквош ўжо 5 гадоў і, нягледзячы на свой юнацкі ўзрост (яму ўсяго 16!), ужо дамогся немалых посьпехаў. Па словах відавочцаў, абыграць Літвінава можна, толькі калі ён грае левай рукой! Багдан лічыцца адным з наймацнейшых гульцоў Беларускай фэдэрацыі.

Сквош у Беларусі да гэтага часу называюць спортам будучыні. Нягледзячы на сваю паўвекавую гісторыю, сквош мала каму знаёмы ў нашай краіне. Беларуская фэдэрацыя сквошу створаная адносна нядаўна і аб'ядноўвае каля дваццаці спартсмэнаў, большасьць зь якіх гуляюць у сквош на ўзроўні аматараў. Але ўжо сёньня мы можам ганарыцца прызавымі месцамі на міжнародных турнірах у Чэхіі, Расіі, Польшчы, Украіне. Ужо гэтым летам зборная Беларусі па сквошу прыме ўдзел у міжнародным турніры ў Кіеве.

Сквош надзвычай папулярны дзякуючы сваёй дынаміцы і відовішчнасьці. Сквош мае падабенства з тэнісам: корт, струнныя ракеткі і мячык. Аднак паміж гэтымі дзьвюма гульнямі існуе некалькі прынцыповых адрозьненьняў. У сквошы гульня вядзецца на закрытым корце, дзе прастора абмежавана сьценамі. Ды і памеры пляцоўкі істотна менш тэніснага корту, і складаюць прамавугольнік 6 на 10 мэтраў. Пры гэтым супернікі не аддзеленыя адзін ад аднаго сеткай, а гуляюць на корце побач. У сквош для гульні выкарыстоўваюцца ўсе чатыры сьцяны. Адзіная ўмова — першапачаткова мячык павінен стукнуцца аб пярэднюю сьценку.

Галоўная візуальная перавага сквошу перад тэнісам — яго відовішчнасьць. Разнастайнейшыя, доўгія розыгрышы мяча, высокі тэмп гульні не пакінуць абыякавымі сапраўдных прыхільнікаў ракеткавага спорту. Увесь матч пралятае для назіральнікаў на адным дыханьні. Але лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць слова сквош.

Майстар-кляс адбудзецца 26 чэрвеня ў 14:00 пры любым надвор’і ў цэнтры актыўнага адпачынку Orange Club (зав. Калініна, 16). Там можна будзе ўбачыць гульню ў сквош на прафэсійным узроўні, даведацца, як стаць чэмпіёнам, паспрабаваць свае сілы ў спорце будучыні.

Уваход вольны!

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.062 seconds.