«Патрыёт» запусціў першы беларускамоўны сайт байцоўскага клуба ў краіне

Вядомы беларускі клуб тайскага боксу «Патрыёт» прадставіў новую версію свайго сайту patriotgym.by, якая створаная ў партнёрстве з грамадскай культурніцкай кампаніяй “Будзьма беларусамі!”

«Розныя версіі інтэрнэт-сайтаў мы мелі і раней. Гэта былі хутчэй аматарскія старонкі, якія рабілі нашыя вучні. Але новы сайт цяпер можна паказваць і беларусам, і замежнікам, — дзеліцца ўражаннямі заснавальнік і галоўны трэнер клуба “Патрыёт”Дзмітрый Пясецкі. — Мы ўжо прадэманстравалі новую старонку калегам з ЗША і Тайланду. Тое, што атрымалася, нас вельмі цешыць».

Кампанія “Будзьма беларусамі!” плённа супрацоўнічае з беларускімі тайбаксёрамі не ўпершыню.

«Некалькі беларускіх файтараў сусветнага ўзроўню трапілі ў наш анлайн-праект “Байцоўскі ген”, — згадвае каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Алена Макоўская. — І калі мы рыхтавалі ролікі “Культура паляпшае жыццё”, нават сумневу не было, каб запрасіць героем аднаго з гэтых ролікаў Віталя Гуркова. Вельмі плённым атрымалася супрацоўніцтва па стварэнні маек, у якіх нацыянальная зборная па муай-тай выправілася на чэмпіянат Еўропы ў Лісабон, дзе, дарэчы, беларусы занялі першае агульнакаманднае месца. Усе гэтыя мерапрыемствы выклікалі станоўчы рэзананс у грамадстве. Так мы яшчэ раз упэўніліся, што спорт — важная, перспектыўная частка сучаснай беларускай культуры, і з задавальненнем працягнулі супрацу: зрабілі сайт для байцоўскага клуба “Патрыёт”, які мае міжнародную вядомасць. Паколькі старонка беларускамоўная, на першым месцы стаяла пытанне якасці. Мы звярнуліся ў арт-студыю “PRAS”, дзе раней для нас зрабілі сайт, прысвечаны Цмоку. І мы ўсцешаныя, што новая інтэрнэт-старонка спадабалася самім спартоўцам. Спадзяемся, яна спадабаецца і карыстальнікам».

Нагадаем, што байцоўскі клуб “Патрыёт” добра вядомы ў байцоўскім свеце. Два мясцовыя выхаванцы маюць званне “Заслужаны майстар спорту Беларусі”. Тут трэніруюцца шматразовы чэмпіён свету па муай-тай Дзяніс Ганчаронак, зорка кікбоксінга і К-1 Забіт Самедаў. І, натуральна, чэмпіён свету сярод прафесіяналаў Віталь Гуркоў, які першым з беларускіх спартсменаў публічна прамовіў па тэлебачанні на роднай мове.

Як падкрэсліваюць у “Патрыёце”, дзякуючы новаму сайту тут плануюць прыцягнуць у клуб як мага больш таленавітых дзяцей, якія падтрымаюць байцоўскія традыцыі старэйшых калег. Таксама у клубе разлічваюць на тое, што прыклад беларускамоўнага сайта натхніць іншыя спартовыя арганізацыі актыўна карыстацца роднай мовай.

13:04, 18/06/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0587 seconds.