Рок польскіх выбараў

«Rock Your Body», — з дынамікаў аўтобусу раздаецца прывабны голас вакалісткі Black Eyed Peas. Аўтобус зь вялізнай выявай аднаго з кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Польшчы Браніслава Камароўскага ўжо гадзіну езьдзіць па вечаровай Варшаве. У ім — каля трыццаці актывістаў яго выбарчага штабу. Ён спыняецца каля чарговай летняй пляцоўкі рэстарацыі, туга набітай моладзьдзю.

«У межах акцыі шчырай усьмешкі памахаем людзям на вуліцы», — адзін зь бліжэйшых памочнікаў Камароўскага, дэпутат сэйму Міхал Шчэрба любымі мэтадамі імкнецца падтрымаць пазытыўны настрой у стомленых месяцовай кампаніяй актывістаў. Людзі ўсьміхаюцца і з апошняй моцы пачынаюць махаць мінакам. Нехта ўсьміхаецца ў адказ, станоўча ківаючы, нехта паказвае фак: ідуць апошнія гадзіны дазволенай агітацыі перад нядзельным адкрыцьцём выбарчых участкаў па ўсёй краіне. Адзін з самых цяжкіх этапаў у жыцьці Польшчы падыходзіць да завяршэньня.


За некалькі гадзін да таго, каб заняць пасаду своеасаблівага дыджэя агітацыйнага аўтобусу Камароўскага, стомлены Шчэрба распавядае пра двухмесяцовую выбарчую кампанію, якая стала самай нечаканай і хуткай за апошнія гады.

«Хаця кампанія ня вельмі цікавая, але істотная для нас: мы ўсё ж выбіраем прэзыдэнта на наступныя пяць гадоў, — кажа Шчэрба. — Зразумела, у выніку прэзыдэнтам стане альбо Камароўскі, альбо Качыньскі, але невядома, адбудзецца гэта ў першым ці другім туры».

Прозьвішчы маршалка сэйму Браніслава Камароўскага і брата загінулага ў красавіку пад Смаленскам Леха Качыньскага — кансэрватара Яраслава — гучаць у гэтай кампаніі часьцей за ўсё. І калі другі кандыдат атрымаў асноўную падтрымку пасьля гібелі брата, то першы яшчэ задоўга да выбараў называўся галоўным прэтэндэнтам на прэзыдэнцкую пасаду.

Дзіўная кампанія

«Самыя спэцыфічныя выбары ў Польшчы з 90-х гадоў. На іх спаборнічаюць 10 адрозных кандыдатаў, сярод якіх толькі 2 маюць шанцы заняць прэзыдэнцкае крэсла — ня самае ўплывовае, дарэчы, у Польшчы», — кажа Марэк Пэда, палітоляг і экспэрт па выбарах Эўрапейскай камісіі.

«Сумныя выбары, нецікавыя выбары, надта хуткая кампанія», — такія словы чую я амаль ад кожнага актывіста выбарчых штабоў, зь якім даводзіцца гутарыць. Браніслаў Камароўскі, які пасьля сьмерці Леха Качыньскага заняў пасаду польскага прэзыдэнта, быў вымушаны прызначыць выбары ўжо праз два тыдні пасьля катастрофы. Яшчэ два тыдні з 60 дзён кампаніі сышлі на жалобу. Пасьля на поўдні краіны здарыліся навадненьні, якія чарговы раз памянялі рэчышча падзей.

Ракавы палёт

У выніку падзеньня самалёту пад Смаленскам у красавіку загінулі ня толькі прэзыдэнт з жонкай, 8 дэпутатаў парлямэнту і вялізная частка палітычнай эліты. Ня стала патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, выбары якога мусілі б адбывацца ўвосень.

Пахаваўшы прэзыдэнта, які ў адну хвіліну зь непапулярнага кансэрватара ператварыўся ў абаронцу нацыі, разгубленая Польшча пачала шукаць новага лідэра. Хадзіць далёка не спатрэбілася: маршалак сэйму Браніслаў Камароўскі, сябра кіруючай лібэральнай партыі Грамадзянская плятформа, як ніхто падыходзіць, на думку большасьці выбарцаў, да гэтай пасады.

Яго галоўны супернік з партыі Права і справядлівасьць адмовіўся ад размоваў з журналістамі, а таксама ад кантактаў з канкурэнтамі. У выніку атрымалася, што ў перадвыбарчай кампаніі амаль адсутнічалі дэбаты.

«Адзіныя дэбаты, якія адбываліся, былі прысьвечаныя пытаньню, праводзіць дэбаты ці не», — кажа палітоляг Марэк Пэда.


У штабе Качыньскага

На полі бою

«Качыньскі будзе і надалей працягваць палітыку свайго брата», — на ўвесь квартал у самым цэнтры Варшавы разносіцца голас фарбаванай бляндынкі, якая агітуе ў чарговым ток-шоў за загінулага прэзыдэнта. Тэлевізар, па якім трансьлюецца праграма, убудаваны ў вітрыну цэнтральнага выбарчага штабу Качыньскага.

Непадалёк у касьцёле ідзе меса ў памяць брата Яраслава. На іншым баку вуліцы зьбіраюцца актывісты Грамадзянскай плятформы. Яны хочуць увечары прабрацца ў штаб Качыньскага, каб там узяць удзел у магчымых дэбатах аб праблеме аховы здароўя — самай скандальнай тэме ў гэтай кампаніі. Прадстаўляць пазыцыю Камароўскага мусіць міністарка аховы здароўя. Калі яна зьяўляецца на ганку штабу, некалькі тэлевізійных камэраў выхопліваюць з начной цемры яе прыгожы твар. Актывісты штабу Камароўскага апранаюцца ў сіняга колеру цішоткі і высоўваюцца ўсьлед за міністаркай у бок штабу. Не сустрэўшы перашкодаў, яны праходзяць у вялікі хол штабу, дзе іх чакаюць прадстаўнікі Права і справядлівасьці. Бакі абменьваюцца і так вядомымі ўсім пазыцыямі і, паціснуўшы адзін аднаму рукі, разыходзяцца.

У гэты момант штаб пачынае напаўняцца людзьмі. Убачыўшы сымболіку Камароўскага, яны насупіўшыся падыходзяць да канкурэнтаў.

«Нам варта як мага хутчэй сыходзіць адсюль», — кажа Марцін, супрацоўнік міністэрства спорту і адзін з актывістаў штабу Камароўскага. Ён цягне нас на выхад са штабу. Звыклая абаяльная ўсьмешка разам з упэўненасьцю былога пракурора ў гэты момант раптоўна сыходзіць.

Як толькі мы робім першы крок на вуліцу, у вочы ўдараюць усполахі фотаапаратаў і дзесяткаў факелаў-крыжоў, што трымаюць людзі. Тут іх некалькі соцень. Стаўшы паўколам ля ўваходу ў штаб і разгарнуўшы плякаты колеру польскага сьцяга, людзі выгукваюць імя Качыньскага. Праз калідор факелаў прыхільнікаў Яраслава мы прабіраемся на іншы бок вуліцы і амаль бягом накіроўваемся на супрацьлеглы бок плошчы: актывісты Камароўскага ўсхваляваныя, бо зьяўленьне такога натоўпу ля штабу яны не прадбачылі.

«Вельмі добра, што мы ў час выбраліся адтуль», — кажа Марцін.

Ціхі канец

Паступова атмасфэра жалобы ў кампаніі замянілася на больш звыклую для палітыкі бітву абвінавачаньняў. Так, прэм’ер-міністар Дональд Туск, які на мінулых выбарах прайграў Леху Качыньскаму, на апошнім мітынгу ў падтрымку Камароўскага ў балтыйскім Сопаце назваў Яраслава «спэцыялістам па канфрантацыі і грамадзянскай вайне».

У цэнтры Варшавы плякатаў і ўлётак кандыдатаў амаль няма: адчуваньне, што выбары адбываюцца ў іншай краіне. Хаця для актывістаў кампаніі Камароўскага яны ўжо адбыліся.

Ну другім паверсе дарагога клюбу El Presidente, зьнятага Шчэрбай, гучыць дыджэйскі сэт на тэму We Are The People аўстралійцаў Empire of Sun. Разьняволеныя сябры Грамадзянскай плятформы ўжо адзначаюць сваю перамогу. Іх праца, прынамсі на бліжэйшыя дні, скончаная: агітаваць у суботу нельга, а дзень выбараў прынясе ім альбо перамогу альбо другі тур — апошнія апытаньні аддаюць Камароўскаму 40% галасоў, пакідаючы Качыньскаму толькі 35%.

«Я б паставіў вялікія грошы на другі тур», — кажа, усьміхаючыся, бляндын Марцін, «правая рука вельмі істотнага ў пэрыяд падрыхтоўкі да футбольнага чэмпіянату Эўропы міністра спорту». Але выбары былога сябра Грамадзянскай плятформы, падаецца, ня надта цікавіць: ён замаўляе «сухую гарэлку» і паглыбляецца ў натоўп дзеўчын зь першага паверху клюбу.

Левыя і геі

«Інтэрнэт разьвіваецца з кожным днём», — сьпяваюць дзьве цінэйджэркі, нязграбна рухаючыся і трымаючы ў руках агітацыйны плякат левага кандыдату Гжэгажа Наперальскага. Такі поп-трэшавы кліп, зьняты быццам на мабільнік, ужо сабраў на Youtube больш за 200 тысячаў праглядаў.

«Маладыя ня хочуць ні першага, ні другога кандыдата: яны хочуць зьменаў, і левы кандыдат, даволі малады, адпавядае іх чаканьням», — кажа Марэк Пэда.

Але пазыцыя польскіх левых ня надта стасуецца з распаўсюджаным у Беларусі ўяўленьнем пра былых камуністаў-калякінцаў, узрост якіх ў лепшым выпадку амаль блізкі да пэнсійнага, а погляды адпавядаюць стандартам 30-гадовай даўніны. Польскія левыя і іх 36-гадовы лідэр адстойваюць, напрыклад, правы геяў. На мінулых выбарах за іх актыўна галасавалі ў самых бедных рэгіёнах Польшчы, у тым ліку Беласточчыне.

«Але галасы левага кандыдата найбольш істотныя ў гэтай кампаніі, — кажа Марэк Пэда аб Наперальскім, які па прагнозах набірае ад 12% да 13%. — Меркаваньне левага кандыдата можа мець рашаючае значэньне ў другім туры».

«Але ніхто дакладна ня ведае сапраўднае меркаваньне людзей: у апытаньнях яны ня хочуць выказвацца — усё пакажа дзень выбараў», — дадае палітоляг.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2557 seconds.