На журфаку БДУ прымушаюць галасаваць датэрмінова
“Удзел кожнага студэнту журфака ў выбарах і рэспубліканскім рэферэндуме — справа гонару. Прычынаў можа быць мноства, пачынаючы ад падтрымкі спадкаемнасьці, то бок, працягу палітычнага курсу, і заканчваючы журфакаўскімі інтарэсамі. Упершыню за доўгі час у нас зьявілася магчымасьць скончыць будаўніцтва новага корпусу. Спадзяюся, вы мяне цудоўна разумееце. Кожны вас голас — цагліна ў наш будынак” — адзначыў дэкан факультэта журналістыкі Белдзяржунівэрсітэту Васіль Вараб’ёў, выступаючы перед будучымі журналістамі.
Паведамленьне аб правядзеньні сходу некалькі дзён вісела на факультэцкай дошцы аб’яваў, дзе пра абавязковую прысутнасьць кожнага не было сказана ані слова. Аднак адразу пасьля пачатку дэкан загадаў старастам групаў скласьці сьпісы тых, хто адсутнічае. А пасля заканчэньня агітмерапрыемства тых, хто ня быў на сходзе, але зьявіўся на заняткі па раскладу, сабралі ў асобнай аўдыторыі й загадалі пісаць тлумачэньні, а потым і спавядацца на словах. “Тое, што вы не прыйшлі — непавага да мяне, плявок у мой бок”, — заключыў Вараб’ёў.
Хоць праблема надыходзячых выбараў была зазначана ў ліку іншых пытаньняў парады дня, усе прысутныя цудоўна разумелі зь якой мэтай яны тут.
У сваім звароце да студэнтаў намесьнік дэкана па завочнаму навучаньню Яўген Дзьмітрыеў насамперш азнаёміў аўдыторыю з канстытуцыйнымі правамі выбаршчыкаў, а затым “пераканаўча” папрасіў усіх студэнтаў-інтэрнатнікаў прагаласаваць датэрмінова.
Мажліва, адказны супрацоўнік запамятаваў артыкул 65 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (“Выбары зьяўляюцца свабоднымі: выбаршчык асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць яму ў выбарах і за каго галасаваць”) і арт.76 (“Рэфэрэндумы праводзяцца шляхам усеагульнага, свабоднага, роўнага і тайнага галасаваньня...”).
Далей Дзьмітрыеў працягваў: “Для таго, каб мы вас у дзень галасаваньня не шукалі, каб у выходныя вы маглі рэалізаваць свае пляны й паехаць дамоў, просім вас пайсці прагаласаваць датэрмінова. Гэтым вы створыце меней праблемаў факультэту, падтрымаеце належны яму статус, імідж і ня станецеся закладнікамі асабістых амбіцыяў студэнтаў зь фігай у кішэні”.
Цікава, якую “фігу ў кішені” меў на ўвазе намесьнік дэкана? Мажліва, дзіўную гісторыю зь пераводам на завочнае навучаньне аднаго з найлепшых студэнтаў былога трэцяга курса Аляксандра Лычаўкі. Маючы сярэдні трохгадовы бал па 10-бальнай сыстэме 8.47(!), ён тым ня меньш ня здолеў здаць нават на здавальняючую “тройку” “Паліталёгію журналістыкі” дэкану Вараб’ёву. Адбылося тое пасьля таго, як Лычаўка прадставіў на залік сваю палітычную публікацыю з газэты “Згода” аб парушэньні канстытуцыйных правоў студэнтаў у часе прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году. Асабіста ад Дзмітрыева апальны студэнт яшчэ раней атрымаў абяцаньне “праблемаў у сдачы сэсіі дзеля тваёй публікацыі”.
Наладжаныя для студэнтаў розных курсаў сходы з удзелам кіраўніцтва ня сталіся адзінымі ў перадвыбарчай кампаніі дэканату. Кожная з існуючых на факультэце катэдраў была абавязана адкамандзіраваць сваіх прадстаўнікоў у студэнцкі інтэрнат для правядзеньня агіткампаніі за датэрміновае галасаваньне. З розных вуснаў гучала дата 12 кастрычніка.
Гэты ж самы тэрмін назваў і намесьнік рэктара па вучэбна-выхаваўчай працы Уладзімер Сувораў на сустрэчы з іншагароднімі студэнтамі-журналістамі, біёлягамі і радыёфізыкамі, што адбылася 6 кастрычніка ва ўніверсітэцкім інтэрнаце № 10 па вуліцы Курчатава: “Я буду спакойны, калі вы ўсе 12 чысла ўжо прагаласуеце”.
Сам жа рэктар Васіль Стражаў, распавядаючы пра дасягненьні дзеючай улады й тое, як цяжка жыць нашым польскім і расейскім суседзям, даў адказ і на ананімнае пытаньне аб прымусовым датэрміновым галасаваньні: “На выходныя шмат хто з вас паедзе дадому, таму мы хацім, каб свой грамадзянскі доўг вы выканалі датэрмінова”.
Пачатак навучальнага году на журфаку адзначыўся жорсткім кантролем за наведваньнем студэнтамі заняткаў, які ў народзе завуць не іначай, як “збор кампрамату”. Моцны ідеалягічны ўціск ставіць у няпростае становішча найперш студэнтаў-інтэрнатаўцаў, бо ў адрозненьні ад мянчукоў, яны дзвюма рукамі трымаюцца за выдзяленае ўніверсітэтам жыльлё, а таму й мацней залежаць ад дэканату.
Андрэй П., які з ведамых прычынаў прасіў не раскрываць свайго сапраўднага імя, распавёў: “Жыў бы я ў Менску, аніколі не пайшоў бы на датэрміновае галасаваньне, бо гэта ёсць найлепшай магчымасцю для ўлады безкантрольна сфальсыфікаваць выбары. У інтэрнаце ў нас, іншагародніх, амаль няма выйсця. Тых, хто не прыйшоў на выбары датэрмінова, заносяць у сьпіс, а затым выклікаюць на суразмову ў дэканат. Апасьля найменьшая памылка — і вы будзеце пакараныя: вам не дадуць інтэрнату, вы не здадзіце залік ці ня пройдзіце іспыт. Я ненавіджу гэту страшную сыстэму, бо яны ўсё вырашаюць за нас”.