«Бан-Жвiрба» дагары нагамі: новы альбом у Сеціве
Гомельскi гурт «Бан-Жвірба», пераможца конкурсу «Рух на асьвяжэньне» ў рамках нядаўняга фэстывалю «Рок за баброў», выпусьцiў новы альбом «Дагары нагамі». «Назва ў дыска вясёлая i фiлязофская адначасова — усе мы нараджаемся дагары нагамi, i час ад часу вельмi карысна ўстаць у гэтае становiшча», — распавядаюць музыкi пра свой другі альбом.
Гурт «Бан-Жвірба» выконвае калярытны фольк-рок, якi спалучае народную аснову з уплывамi сучаснай музыкi і добрым настроем. Калектыў заснаваны ў Гомелi ў 1999 годзе, зьяўляецца пераможцам фэстываляў у Польшчы («Басовішча 2001»), Расii («Про-рок 2007») i Беларусi («Рок за Бобров 2010»). На рахунку гурта дэбютны альбом «Забабоны» (2007), што быў выдадзены ў Маскве лэйблам Sketis Music, ды новая кружэлка «Дагары нагамі» (2010).
«У нашай музыцы можна знайсьцi народную мудрасьць, поп-мэлядызм i рок-энэргетыку. Мы доўгi час працавалi над тым, каб дамагчыся гармонii i аптымальнага ўзаемадзеяньня гэткiм чынам розных кампанэнтаў. І, здаецца, у нас гэта атрымалася!» — кажа лiдэр гурта Мiця Гаўрылiн.
Альбом «Дагары нагамі» запiсаны на студыi «Фабрыка гуку i вiдэа» (Гомель). Праца над iм доўжылася два гады, тут прысутнiчае беларускi стрыжань i эўрапейскае гучаньне. У альбоме зьмешаныя самыя розныя ўплывы — ад запальнага дыска-фанку да гучнага року i журботных народных духавых. Сам матэрыял уключае ў сябе як апрацоўкi народных песень, так i аўтарскiя кампазыцыi.
«Назва ў дыска вясёлая i фiлязофская адначасова — усе мы нараджаемся дагары нагамi, i час ад часу вельмi карысна ўстаць у гэтае становiшча, каб па-новаму паглядзець на звыклыя рэчы. Гэта ёсьць стан душы i нашай музыкi адначасова», — прызнаюцца музыкi.
Спампаваць плытку можна на афiцыйным сайце калектыву — www.banzhvirba.com.
Паводле прэс-рэлізу