Украінскія актывісты: «Мы зладзім ім другую Грэцыю»

Праз два тыдні пасьля сьмерці студэнта ў пастарунку кіеўскай міліцыі па ўсёй Украіне маюць адбыцца акцыі пратэсту супраць свавольства праваахоўных органаў. Асаблівасьць гэтай кампаніі — рэкляма яе адбываецца толькі празь Сеціва, а ініцыятыва правядзеньня сыходзіць зьнізу. Аб тым, як можна зладзіць дзесяткі мітынгаў некалькімі клікамі мышкі Generation.by распавядае кіеўскі каардынатар акцый.


Пратэсты ў Кіеве 1 чэрвеня. Фота tochka.net

У канцы траўня ў кіеўскім інтэрнаце 19-гадовы Ігар сьвяткаваў свой 20 дзень народзінаў. Калі ўвечары ён выйшаў праводзіць сябра, то натрапіў на ўчастковага, які пражываў у гэтым жа будынку. Як распавядаюць студэнты, завязалася сварка, і міліцыянт прапанаваў праехаць у РАУС. Хлопец згадзіўся і сеў у машыну міліцыянта. Больш хлопца ў інтэрнаце ня бачылі. На раніцы бацькам Ігара прапанавалі забраць труп.

Паводле вэрсіі міліцыі, хлопец памёр, бо некалькі разоў самастойна ўпаў у пастарунку. Але мала хто верыць у гэту вэрсію.

Празь некалькі дзён пасьля гэтай сьмерці па 18 гарадах Ўкраіны пракацілася першая хваля пратэстаў супраць дзеяньняў праваахоўных органаў. Тады 1 чэрвеня на вуліцы выйшлі сотні маладых людзей.

«Кампанія была зладжаная толькі празь Сеціва: стварылі групу ў Facebook, сустрэчу ў vkontakte, прыдумалі тэг для Twitter - '#1june', — кажа каардынатар акцыі 1 чэрвеня студэнт Міхаіл Каменеў. — Літаральна за некалькі дзён на сустрэчу ў vkontakte запісаліся каля 15 тысячаў чалавек».

Акцыі вылучаюцца тым, што ладзяць іх не палітычныя актывісты, а студэнцкія арганізацыі: правыя, левыя, анархісцкія — неістотна. І нікім не фінансуюцца, што для расчараваных у масавых палітычных акцыях украінцаў вельмі дзіўна. Прыносіць партыйныя сымбалі ўсё роўна забаронена.

«Там былі простыя студэнты. Быў адзін народны дэпутат, якія цяпер аспрэчвае, што быццам бы ён арганізоўваў пратэст. Але акцыю ніхто не фінансаваў увогуле. Бо фінансаваньне для такой кампаніі ў Інтэрнэце фактычна непатрэбнае. Але прыватныя кампаніі ўсё роўна пыталі, чым яны могуць дапамагчы».

«У многіх гарадах арганізатары былі вельмі маладыя. Нам прыйшлося распаўсюджваць па Сеціве сярод рэгіянальных актывістаў інфармацыі напрыклад пра тое, як правільна зарэгістраваць акцыю».

У Сеціве ў вольным доступе выкладзеная інфармацыя аб усіх рэгіянальных каардытанарах акцый, іх кантактах, ціску ўлады на іх, а таксама водгуках кіраўніцтва краіны і прэсы на мітынгі.


Пратэсты ў Кіеве 1 чэрвеня. Фота vkontakte.ru

10 чэрвеня па ўсёй Украіне актывісты зьбіраюцца правесьці новыя, лепей арганізаваныя і буйнейшыя акцыі пратэсту «супраць свавольства міліцыі».

«Мы абяцаем ім "другую Грэцыю", — кажа аб маршы, які пройдзе сёньня па вуліцах Кіеву, Міхаіл Каменеў. — Шмат простых студэнтаў згодныя ўдзельнічаць у акцыі. Хлопцы ўбачылі, што тое каштуе таго, каб ёй займацца».

Хаця цяпер арганізатары выйшлі за межы Сеціва і пачалі распаўсюджваць інфармацыю аб пратэстах 10 чэрвеня оф-лайн, асноўным рэсурсам студэнтаў дагэтуль застаюцца сацыяльныя сеткі. У адпаведнай сустрэчы ў vkontakte зарэгістраваныя амаль 22 тысячы чалавек.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0649 seconds.