Дэкан факультэта ФПМІ БДУ не жадае, каб яго выпускнікі кіравалі краінай
Вось сьпяшаюся на пару… Не пасьпяваю заплаціць за тэлефон… Забягаю ва аўдыторыю. ФАН. Але адчуваю сваім беглым вокам, што людзей ва аўдыторыі неяк зашмат. Сядаю на свае мейсца, заходзяць за мной адразу ж наш выкладчык, далей прадстаўнікі адміністрацыі П.А. Мандрык (дэкан) і Б.В. Задворны. Далей дэкан паведаміў аб сваім абавязку данесьці нам усю важнасьць падзеі 17 кастрычніка, то бок рэфэрэндуму і выбараў дэпутатаў. А таксама паабяцаў, што адкажа на ўсе пытаньні студэнтаў.
Выступ дэкан пачаў з таго, што мы, студэнты, стаім перад важнай падзеяй - трэці рэферэндум у Беларусі. І паколькі гэта падзея вельмі рэдкая для нас, то мы проста павінныя ўсе правільна абраць сваю будучыню.
Вельмі цікава П. А. Мандрык распавядаў пра выпускнікоў БДУ. Ён сказаў, што ніколі ніякі студэнт БДУ не дапамог свайму ўнівэру пасьля яго сканчэньня. А вось з такіх, па словах П. А. Мандрык, і складалася тая ўлада, што была ў Беларусі ў пачатку 90-х гадоў. У прафэсараў БДУ тады быў заробак каля 15 даляраў. Але, маўляў, у 94-м годзе прыйшоў Лукашэнка і пачаў дапамагаць унівэру. Ён перавёў БДУ у *прывіліяваны* стан. Павялічыў заробкі выкладчыкам. Дэкан прывёў цікавае параўнаньне з пэдунівэрам - “у нас атрымліваюць выкладчыкі ўдвая больш , чым прафэсары праз дарогу”. І студэнты атрымліваюць на 43% больш, чым звычайныя студэнты іншых унівэраў. Нам, маўляў, толькі дзякуючы прэзыдэнту быў адрамантаваны інтэрнат №6. Таму зразумела, за каго мы павінныя галасаваць. Гэта, канешне, зразумела адміністрацыі, а ня студэнтам.
Наконт дэпутатаў ён сказаў, што лепш матывавацца толькі фактычна. Патрэбна проста думаць, як матэматык, узважваць факты, - што зрабіў той альбо іншы кандыдат, ня будучы нават каля ўлады да гэтага часу. *Они не маленькие дети и они без власти должны были сделать что-нибудь для того, чтобы мы их потом выбрали*.
Далей дэкан зьбег і папрасіў Б. В. Задворнага адказаць на ўсе пытаньні студэнтаў. Але гэты чалавек так толкам і не адказаў на самыя цікавыя пытаньні. Ці адказы былі поўнасьцю супярэчлівыя існуючай рэальнасьці.
Наконт рэгістрацый студэнцкіх арганізацый і мажлівасьці іх працы Б. В. Задворны паведаміў , што ніякіх перашкодаў для гэтага няма. БРСМ, па яго словах, «той самы камсамол, у якім калісьці прымалі ўдзел нашыя бацькі. Гэта тая арганізацыя на якую проста абапіраецца улада ў гэты час, каб мець нейкі ўплыў сярод моладзі.»
Ці парушана канстытуцыя, калі прэзыдэнт хоча рэфэрэндумам дамагчыся сабе трэцяга тэрміну? Адказ дэкана быў такі: «Я дакладна ня ведаю ўсіх ньюансаў гэтага складанага дакуманта. Бывала, у маёй практыцы, сустракаліся радкі ці словы, дзе нават перастаўленыя націскі зьмянялі сутнасьць напісанага. Таму давайце ня будзем гэта зараз разглядаць.»
Студэнт ФПМІ.