Заасфальтаваная «Паляна»

У Сілічах, што ў 29 кілямэтрах ад Менску, прайшоў фэстываль «Паляна». Фэст стаў бы клясычным прыкладам беларускага open-air’у часоў поўнай забароны расьпіцьця алькаголю на масавых мерапрыемствах, калі б ня новы гурт Сяргея Шнурава ў хэдлайнэрах і адсутнасьць салюту напрыканцы.

Пры першым набліжэньні высьветлілася, што сіліцкая «Паляна» — месца далёка не «сунічнае». Ні падманлівай «афішнай» зялёнай траўкі, ні піва ці фрызьбі на ёй. Заасфальтаваная пляцоўка ля сцэны, падзеленая на два сэктары: фанацкі і звычайны — да вашых паслугаў. 

Звычайны беларускі «пазагарадзкі» фэст адбываецца з абавязковым хэдлайнэрам у ролі «Ляпіса Трубяцкога», кардонамі АМАПу, мэталашукальнікамі і дажджом. Не хапала апошняга атрыбуту, затое быў новы гурт Сяргея Шнурава «Рубль».

Агульнага ў двух гуртоў няшмат: расейская мова кампазыцый ды прага да выкладаньня альбомаў у Сеціва для вольнага спампоўваўньня. Праўда, «Ляпісы» — сёньняшнія асноўныя хэдлайнэры, якія доўга не зьяўляліся з канцэртамі ў Менску, нядаўна паздымалі з вольнай запампоўкі свае кампазыцыі: чакаецца эўрапейская прэм’ера альбому «Agitprop» з турам па некаторых эўразьвязаўскіх фэстах, і альбом у вольным спампоўваньні і ў дыскарнях адначасова выглядаў бы сама меней дзіўна. Затое на афіцыйным сайце цяпер можна набыць усе раней «вольныя» дыскі гурту. Для таго, каб ніхто не сумняваўся, адкуль «Ляпісы» ўласна ўзяліся, кошты на прадукцыю музыкаў пазначаныя выключна ў расейскіх рублях.

Шнур, Рубль

«Рубль» Шнура, п’яніцы, дэбашыру і барадатага носьбіту пацёртых цішотак, яшчэ болей багаты на песьні зь нецэнзурнымі выразамі, чым яго папярэдні гурт «Ленинград». Некаторыя беларускія СМІ, анансуючы канцэрт, заклікалі бацькоў пакінуць дзетак дома, каб яны не набраліся лішніх словаў ад дзядзі Шнура. Бацькі аслухаліся, прыехалі ў Сілічы і зь вялікім задавальненьнем лазілі ў чаканьні «Ляпісаў» усёй сям’ёй па ўзгорках гарналыжнага комплексу.

Міхалок

І Шнураў, і «Ляпісы» праславіліся задорным ска канца 90-х. І першы, і другія сышлі ад яго ў канцы 2000-х. Але калі «вясёлыя качкі» Міхалка ўдарыліся ў псэўдаідэалёгію псэўдаантыбуржуазнай рэальнасьці, то Шнур падаўся ў яшчэ большы трэш.

Выклаўшы 25 сьнежня 2009, роўна праз год пасьля афіцыйнага распаду «Ленинграда», 27 трэкаў на афіцыйны сайт, «Рубль» прапанаваў прыхільнікам самастойна скампанаваць сабе альбомчык. Для тых, хто так і ня вызначыўся, сам патрыярх Арцемій Троіцкій прапанаваў вэрсію з 13 трэкаў альбому «Сдачи не надо», які праз чатыры месяцы пасьпяхова трапіў на паліцы крамаў.

Шнур, абвясьціўшы, што «"Рубель"ад слова "рубіць!"», застаўся верным сабе. У творчай спадчыне новага гурту былі заўважаныя трэкі «Пиздец», «Мне похуй», кліп «Я хуярю на гитаре».

«В час, когда Родина встала с колен,/ И поднимается, словно член,/ Мы после пива взяли по двести./ Нет у нас совести и, на хуй, чести», — сьпявае Шнураў.

публіка

І тут падменская публіка выдатна разумее далёкага расейскага госьця. З забаронай спажываньня алькаголю на масавых мерапрыемствах ці то з-за спэцыфікі складу ўдзельнікаў (Шнурава тут дапаўнялі яго беларускія «безмацерныя» ска-адэпты «Пару рублёў»), ці то з-за апошняга званка ў школах на дадзеным масавым мерапрыемстве п’яных стала яшчэ болей, а яны, у сваю чаргу, дазволілі правесьці шмат паралеляў з днямі гораду і іншымі галоўнымі сьвятамі сталіцы.

Праблему забароны расьпіцьця піва і іншых алькагольных вырабаў моладзь цяпер апэратыўна вырашае яшчэ па дарозе на фэст: у зялёных МАЗах-гармошках зь квіткамі па 5 000 усю дарогу на «Паляну» ішла тэрміновая п’янка. Таму калі на заднім крэсьле аўтобусу быў заўважаны дзядзька ўжо дастаткова сівы, каб паставіць пад сумнеў беспамылковасьць яго маршруту на фэстываль, адна з пасажырак выгляду пасталеўшай эма шчыра запыталася:

«Мужчына, а вы ведаеце, куды ідзе гэты аўтобус?»

На даволі злосны позірк дзядзькі дзяўчына, да гэтага з посьпехам расьпіўшая бутэльку чарнілаў, кінулася тлумачыць «мужчыне» ўсе асаблівасьці таго месца, «куды ішоў аўтобус». Дзядзька моўчкі слухаў некалькі хвілін, пасьля чаго перарваў дзяўчыну накіпеўшым

«заткні пасьць».

На гэтым дыялёг пакаленьняў быў скончаны.

Болей здымкаў глядзіце ў фотарэпартажы з фэстывалю «Паляна»

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0654 seconds.