Грозава і маланка

На галоўнай плошчы былога раённага цэнтру стаіць натоўп. У гэты дзень мястэчка Грозава перажывае адразу дзьве істотныя падзеі: выдачу зарплаты і выбары. ПраДарожжа ў мясьціны, адкуль распачалося апошняе змаганьне за незалежнасьць БНР.

Я еду амаль за сто кілямэтраў ад Менску на мяжу Слуцкага і Копыльскага раёнаў у мясьціны, дзе калісьці пачынаўся слуцкі збройны чын, фармаваўся 2-гі грозаўскі полк. Дабіраюся па простым як струна шляху Слуцк — Слонім аўтастопам, бо грамадзкі транспарт ня надта паважае гэты былы цэнтар Грэскага раёну (быў такі ў 30-ыя).

Даводзіцца трапіць у Грозава ў вельмі значны дзень: сёньня ў калгасе даюць зарплату. Таксама ў вёсцы ідзе датэрміновае галасаваньне на выбарах у парлямэнт. Зь вёскі вылятае аўтобус з шыльдай на лабавым шкле — «OBSE». Назіральнікі сочаць за працэсам галасаваньня, але ці дапамагае тое?

На маіх вачах нейкую бабульку сустракае строгая супрацоўніца сельвыканкаму:

— Радыёнаўна, ты ўжо прагаласавала? — пытае жанчына ў старой за тры дні да пачатку асноўнага дня галасаваньня.

— Дык я прыходзіла некалькі разоў, а там нікога няма…

Клюбакасьцёл

Ля пераробленага з касьцёлу ў клюб і пафарбаванага ў ружовы колер двухсотгадовага будынку стаяць супрацоўнікі калгасу. Заробку пакуль няма. На клюбе зьдзеклівая дата — 1968.

Грозава нядаўна адзначыла 500 гадоў з дня заснаваньня мястэчка. Але тут гісторыя, гледзячы па ўсім, пачынаецца пасьля Другой сусьветнай вайны. Хто памятае, што цяперашні клюб — гэта пабудаваны два стагодзьдзі таму касьцёл у гонар зьняцьця з крыжа Збавіцеля?

Адразу тут, на галоўнай плошчы ля аўтобуснага прыпынку, стаіць шэры падсохлы крыж. Гэта памятны знак, які ўсталяваны ў гонар жаўнераў БНР. Грозаў, як завуць мястэчка старыя жыхары, быў адным з цэнтраў фармаваньня палка, што рушыў у невядомасьць увосень 1920-га году.

Слуцкі збройны чын распачаўся ў канцы лістападу 1920. Гэта была спроба ўзброенай абароны незалежнасьці Беларусі. Прыкладна месяц беларускія вайсковыя аддзелы, якія аказвалі супраціў наступаўшым савецкім войскам, змагаліся ў раёне Слуцку. Асноўнай рухаючай сілай чыну сталася сялянства, якое супраціўлялася савецкай палітыцы ваеннага камунізму і падтрымлівала ідэю незалежнасьці Беларусі.

Тоўстыя сьцены грозаўскага палацу

Мы спускаемся бліжэй да ракі. На яе беразе стаіць велічэзны двухпавярховы белы будынак з пустымі праёмамі вокнаў і ўжо дзіравым дахам. Гэта палац Мержыеўскіх, пасьля сярэдняя школа, якую закінулі ў сямідзесятых гадах.

Палац узьведзены ў другой палове XVIII ст. у стылі клясыцызм. Ён мае сіметрычную пляніроўку, яго кампазыцыя вылучаецца чатырохкалённым порцікам на галоўным фасадзе. Ля будынку захаваліся рэшткі парку.

Гісторыя палацу Грозава — тыповая для беларускіх мястэчак. Звычайна пасьля рэвалюцыі ў раскошных шляхетных маёнтках разьмяшчалі інтэрнаты, школы, альбо адміністрацыю калгасаў. А ў 1970 гады, калі на СССР абрынулася шалёная плынь нафтадаляраў, усе школы і інтэрнаты атрымалі новыя будынкі. Пра старыя ж, «панскія», хутка пазабываліся. Такі лёс напаткаў, напрыклад, маёнтак у Радзівілімонтах.

Нешта падобнае адбылося і з Грозавам. На пачатку сямідзесятых гадоў школа з палацу пераехала ў звычайны цагляны будынак. Ён і зараз шарэе насупраць. А палац паступова стаў ператварацца ў руіны.

Як даехаць?

Для таго, каб трапіць у Грозава, аўтамабілістам спатрэбіцца траса Менск-Слуцк. Паварот на Шышчыцы. Далей на Копыль да Сунаёў.

Прыхільнікам аўтобуснага транспарту можна скарыстацца маршрутам Менск-Копыль (аўтобус выходзіць у 7:50. Назад у 12:32 - кошт 10 730). Але гэта варыянт суботы. Яшчэ ў нядзелю ёсьць аўтобусы Менск-Яўсеевічы (12:30 альбо 13:20 зь Менску. Кошт 11 240). Назад у 15:33 альбо 18:15. Таксама ёсьць некалькі аўтобусаў праз Сунаі, але да іх трэба яшчэ дабрацца (каля 5 км. ад Грозава). Такім чынам, Грозава - маршрут выходнага дня :)

Глядзіце Вандроўкі: Грозава на Google Maps, альбо мапу Грозава на Яндекс.Картах

Чытайце таксама пра гарады й мястэчкі папярэдніх ПраДарожжаў: Іўе, Бабруйск, Геранёны, Жэмыслаўль, Суботнікі, Гервяты, Вільня, Ліда, Заслаўе, Вязынка, Жылічы, Нясьвіж, Тракенікі і іншыя.

Аўтар фота Алесь Bezuher

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0568 seconds.