«Мы ўсе — удзельнікі ідэі аднаўленьня харавога мастацтва»
З 23 па 25 траўня ў Менску адбылася незвычайная для культурніцкага жыцьця нашай сталіцы падзея — першы беларускі фэстываль-форум аматарскіх хораў «Гукі вясны». Імпрэза стала першым крокам на шляху да дасягненьня глябальнай мэты — разьвіцьця аматарскага харавога мастацтва. Свае «харавыя» таленты прадэманстравалі аматары ад студэнтаў ды акадэмікаў да супрацоўнікаў IBA.
Якія асацыяцыі выклікае зараз слова «хор»? Ці гэта пажылыя кабеты з начосамі хной пафарбаваных валасоў у доўгіх, закрытых і туга зацягнутых на ўжо не сылюэтных фігурах сукенках? Ці гэта хор «хлопчыкаў-зайчыкаў»? Ці — наадварот — гэта дзяўчынкі ў фіялетавых сукенках зь белымі манжэцікамі, якія зьзяюць са строгіх роўных шэрагаў сваімі зьбітымі каленкамі?
Што гэта ў нашым уласным досьведзе і праз нашае ўспрыманьне? Гэта дзяцінства? Гэта сталасьць? Гэта нешта зладжана-шматгалоснае, што ахінае гукамі да мурашак па целе?…
Ці наадварот? Хор — гэта самотны і нецікавы інстытут, які сябе перажыў і мусіць трансфармавацца ў нешта больш сучаснае?
Здаецца, хутчэй адразу ў зацікаўленыя маладыя вочы кінецца афіша рок-, а не харавога канцэрта, бо існуе нейкая ўнутраная ўпэўненасьць, што нічога, акрамя мала зразумелых кампазыцыяў часта рэлігійнага зьместу на такой імпрэзе не пачуеш.
Рэдка можна сустрэць людзей, якія сьпяваюць у аматарскім хоры. Яшчэ радзей — такіх маладых людзей.
Што гэта? Нашыя стэрэатыпы? Страчаная папулярнасьць такога віду мастацтва? Адсутнасьць інфармацыі? Інтэлігентнасьці? Культуры?
Ня толькі задаваць пытаньні, але і мяняць сытуацыю вырашылі арганізатары першага трохдзённага фэсту-форуму аматарскіх харавых калектываў «Гукі вясны» — канцэртная агенцыя Belartsound і Рэспубліканскі палац культуры прафсаюзаў. Імпрэза аб’яднала цікавыя выступы з жывым абмеркаваньнем злабадзённых праблемаў сёньняшняга непрафэсійнага харавога мастацтва.
Да ўдзелу былі запрошаныя аматарскія харавыя калектывы, прадстаўнікі СМІ, грамадзкіх інстытутаў і камэрцыйных арганізацыяў.
Варта сказаць колькі словаў пра харавыя калектывы-ўдзельнікі форуму, у якія ўваходзяць людзі, самыя розныя па ўзросьце, прафэсіях, сваім сацыяльным статусе. Яднае іх бясконцая любоў да музыкі і сьпеваў, і радасьць ад занятку, які непрыхавана падабаецца. Некаторыя ўдзельнікі сьпяваюць у хоры на працягу ўсяго свайго жыцьця.
Харавая капэла «Акадэмія» НАН Беларусі (нязьменны дырыжор хору Тамара Слабодчыкава) — калектыў, які ў гэтым годзе сьвяткуе 30-гадовы юбілей.
«Concordia Chor» (дырыжор Галіна Казіміроўская) існуе на працягу трох год, а ўтварыўся ён на базе кампаніі IBA. Зараз палова ўдзельнікаў хору — гэта супрацоўнікі кампаніі, астатняя палова — людзі самых розных прафэсіяў.
Камерны хор «Salutaris» (дырыжор Вольга Янум) пасьпяхова існуе з 2008 года, мае статус аматарскага, але фактычна складаецца з прафэсіяналаў.
Выключна жаночы склад зводнага хору «Натхненьне» Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэта імя М. Танка (дырыжор Ларыса Ядлоўская) складаецца з 35 будучых настаўнікаў самага рознага профілю.
Пастаянны склад народнай харавой капэлы БНТУ (дырыжор Алена Ісайкіна) — маладыя студэнты, у выкананьні якіх уражваюць энэргетыка, моц і талент.
Таксама варта адзначыць удзел у фэсьце моладзевага хору «Brevis» УА «Мінскі дзяржаўны коледж мастацтваў» (дырыжор Вольга Крыпец).
Фэстываль распачаўся 23 траўня ў Белай залі Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў, 24 траўня адбыўся канцэрт харавой музыкі ў касьцёле сьвятых Сымона і Алены, а 25 траўня прайшоў заключны галя-канцэрт фэстывалю ў Тэатральнай Залі Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў.
Чаму ж удзел у аматарскіх харавых калектывах не такі папулярны зараз, як, напрыклад, у савецкія часы?
Па словах Тамары Слабодчыкавай — дырыжора аматарскага харавога калектыву Нацыянальнай Акадэміі навук трыццацігадовага стажу — «у 70-я гады харавыя агледзіны праходзілі некалькі дзён. Тады харавыя калектывы існавалі на кожным прадпрыемстве. А пасьля быў прыняты закон, калі харавыя клясы былі пераведзеныя на факультатыўныя заняткі. Зацікаўленасьць кіраўніцтва нашай краіны ў гэтай справе — нулявая, а калектывы існуюць на грамадзкіх пачатках.
Неяк адзін з чатырох менскіх калектываў, гастралюючы, апынуўся ў невялічкім нямецкім мястэчку, у якім іх сустрэлі ажно шаснаццаць аматарскіх хораў. Вось так — чатыры хоры ў нашай сталіцы і шаснаццаць — у невялікай заходняй вёсцы».
Таксама пад час форуму прагучалі наступныя цікавыя думкі-разважаньні:
«Праблема ў тым, што сьпяваць у аматарскім хоры зараз ня модна. Вось спортам займацца — модна і пачэсна. Але харавое мастацтва — гэта ня менш важна, бо ў гэтым — культура нацыі. Трэба ўводзіць прадметы мастацтва і культуры ў школы. Эканоміць на гэтым нельга».
«Сытуацыя зьменіцца тады, калі „багаты“, „адукаваны“, „інтэлігентны“ — гэта будуць характарыстыкі аднаго і таго ж чалавека. Тады ў нас усё будзе добра».
Галіна Казіміроўская распавяла, што «штогод выпускаецца цэлая плеяда дырыжораў, якія кудысьці зьнікаюць. Што рабіць, каб яны стваралі харавыя калектывы?
Трэба падыходзіць да гэтай справы з маркетынгавага погляду, зьвяртаць увагу на важнасьць харавой справы і таксама зьвяртацца за падтрымкай у камэрцыйныя арганізацыі, каб існаваньне было магчымым. Ня трэба чакаць міласьці ад улады. Патрэбныя яшчэ энтузіясты. Людзі ідуць на чалавека. Чым болей энтузіястаў, нашая справа будзе рухацца, нягледзячы на капейкі, якія нам плацяць».
Пад час апошняга канцэрту фэстывалю прагучалі словы вялікай удзячнасьці арганізатарам за тое, што яны патрошку запальваюць гэтыя іскаркі любові да хору.
У заключэньне хочацца ўзгадаць словы Галіны Казіміроўскай: «Сьпяваць могуць усе. Сьпевы лечаць, сьпевы акрыляюць. Любіце сьпяваць, любіце жыць!»