Першы Беларускі фэстываль-форум аматарскіх харавых калектываў «Гукi вясны»

З 23 па 25 траўня ў музычна-культурніцкім жыцьці Менску адбудзецца яркая падзея — першы Беларускі харавы фэстываль-форум «Гукі вясны». Арыгінальны фармат фэсту маецца аб’яднаць выступы харавых калектываў і жывыя дыскусіі.

Concordia Chor
Харавы калектыў Concordia Chor у Палацы культуры прафсаюзаў 28.02.2010

Наведаць канцэртныя імпрэзы змогуць усе ахвотныя. Да ўдзелу ў непасрэдным форуме запрошаныя дырыжоры, выкладчыкі і студэнты харавых аддзяленьняў, удзельнікі харавых калектываў і ўсе, каго цікавяць праблемы разьвіцьця харавога мастацтва ў Беларусі і па-за яе межамі.

Да абмеркаваньня прапануюцца пытаньні, датычныя розных бакоў сучаснага харавога мастацтва: напрыклад, пра тое, наколькі актуальныя сьпевы ў аматарскіх хорах як хобі зараз, ці дастаткова ў нас такіх калектываў, у чым прычына невысокага інтарэсу слухачоў да харавога выкананьня ў нашай краіне і многія іншыя.

«У харавой культуры Беларусі, на нашую думку, шмат прабелаў і задачаў, якія патрэбна вырашаць», — распавядае Вольга Саўчанка — мэнэджэр праекту.

«Задачы нашага форуму мы бачым у тым, каб спрыяць набыцьцю аматарскага харавога мастацтва статусу сацыяльназначнай сфэры музычнай культуры, бо мы перакананыя ў яго вялізным духоўным і асьветніцкім патэнцыяле, здольным ахапіць шырокія колы грамадзтва. Таксама мы хацелі б пераканаць прафэсійных дырыжораў у неабходнасьці больш актыўных дзеяньняў, скіраваных на адраджэньне гэтай галіны культурніцкага жыцьця.

У цэлым, нашая глябальная мэты — разьвіцьцё аматарскага харавога мастацтва! Правядзеньне такога фэсту — гэта перш крок».

У фэстывалі-форуме возьмуць удзел:

  • Харавая капэла «АКАДЭМІЯ» НАН Беларусі — дырыжор Тамара Слабодчыкава
  • «Concordia Chor» — дырыжор Галіна Казіміроўская
  • Камерны хор «Salutaris» — дырыжор Вольга Янум
  • Народная харавая капэла БНТУ — дырыжор Алена Ісайкіна
  • Моладзевы хор «BREVIS» УА «Мінскі дзяржаўны коледж мастацтваў» — дырыжор Вольга Крыпец

Праграма фэстываля-форума:

  • 23 траўня 2010, 19:00 — Адкрыцьцё адбудзецца ў Белай залі Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў. Канцэрт-форум. Уваход вольны.
  • 24 траўня 2010, 19:00 — Канцэрт харавой музыкі ў касьцёле сьвятых Сымона і Алены. Уваход вольны.
  • 25 траўня 2010, 19:00 — Закрыцьцё фэстывалю — Гала-канцэрт удзельнікаў фэстываля-форума. Адбудзецца ў Тэатральнай Залі Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў.

«Праграма фэсту пабудаваная менавіта такім чынам, каб можна было ахапіць розныя жанры харавых твораў і ў той жа час даць харавым калектывам паказаць сябе з розных бакоў, — камэнтуе Вольга. — На адкрыцьці будуць прадстаўленыя рознажанравыя творы — своеасаблівыя візытоўкі калектываў, у касьцёле прагучаць творы харавой клясыкі, а на гала-канцэрце прадэманструюцца самыя лепшыя творы ў выкананьні кожнага ўдзельніка».

Галоўныя арганізатары фэсту-форуму — канцэртная агенцыя BelArtSound — маюць надзею, што ў яго рамках адбудзецца зацікаўленая размова, якая дапаможа вярнуць аматарскаму харавому мастацтву яго масавы характар і слухацкую аўдыторыю.

vatrushka 10:20, 18/05/2010 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.053 seconds.