«Вясна — будзе!» — харавая музыка ад Concordia Chor
Апошнім зімовым днём малады творчы харавы калектыў Concordia Chor гучна абвесьціў: «Будзе вясна!» Белую залю Дзяржаўнага Палаца культуры прафсаюзаў перапоўніў няхай яшчэ ня ўпэўнены, але доўгачаканы каляровы настрой цяпла. Праз гукі ўзьнёслай музыкі першымі, няўмелымі крокамі ступала ў сэрца вясна.
У залі не было вольных месцаў. Сьвяточна апранутыя людзі розных узростаў — цэлымі сем’ямі і сяброўскімі кампаніямі прыйшлі акунуцца ў мастацтва.
Калектыў Concordia Chor, які ўзначальвае Галіна Казіміроўская, утварыўся ў 2007 годзе, аб’яднаўшы 20 асобаў розных узростаў і прафэсіяў у адзіным агульным жаданьні — сьпяваць.
Рэпэртуар дэбютнага канцэрта парадаваў сваёй непрадказальнасьцю і разнастайнасьцю: a’cappella прагучалі творы заходнеэўрапейскага Адраджэньня, рускай харавой клясыкі, беларускія народныя песьні ў творчай апрацоўцы, джазавыя кампазыцыі, узоры праваслаўнай духоўнай музыкі.
Крануў душу жаночы вакал, які празрыста і глыбока выразіў дзявочы смутак, калі «маладая на пасад ідзе». Усьміхнула жартаўлівая апрацоўка беларускай народнай песьні «Юрачка», які «ня жэніцца», ня дбаючы пра тое, «куды ж ён падзенецца, як прыйдзе зімачка».
Музыка пераносіла слухачоў у розныя эпохі, мяняла краіны, акунала ў розныя стылі, уражвала багацьцем гучаньня. Старажытная японская народная песьня «Сакура» ў беларускай апрацоўцы нібыта распусьціла яркія кветкі сярод белага сьнегу.
Запомніўся мудры дэвіз Concordia Chor — «Пры зладжанасьці і малыя справы растуць, пры разладзе — і вялікія гінуць».
Хочацца спадзявацца, што гэты канцэрт на мяжы кантрасных паравінаў году станецца няхай невялічкім, але важным унёскам у вялікую і важную справу разьвіцьця харавой культуры ў Беларусі, як бы амбіцыйна гэта не гучала.
Будзе вясна, бо ў душы яна ўжо абуджаная!