Студэнт ашукаў Гарвард на $45 000
Сапраўдны Мюнхгаўзэн выкрыты ў Гарвардзкім унівэрсытэце. Амэрыканскі студэнт са штату Дэлавэр абвінавачаны ў падмане кіраўніцтва ўнівэрсытэту. Дзякуючы падробленым дакумэнтам малады чалавек здолеў атрымаць стыпэндыяў і грантаў на 45 тысяч даляраў.
Адам Уілер, фота з эфіру CBS
Пра тое, што 23-летні Адам Уілер ашукваў унівэрсытэт, стала вядома, калі ён паспрабаваў атрымаць рэкамэндацыі для пераходу ў Ельскі ўнівэрсытэт і атрыманьне дзьвюх буйных стыпэндый. Камісія, якая разглядала яго заяўку, выкрыла, што студэнт займаўся плягіятам, таму вырашыла ўважлівей вывучыць яго біяграфію.
У час праверкі высьветлілася, што ў Гарвард тры гады таму Ўілер паступаў з фальшывым атэстатам, упрыгожаным выдатнымі адзнакамі. У дадатак Адам прадставіў падробленую даведку пра тое, што на працягу году вучыўся ў знакамітым Масачусэцкім тэхналягічным інстытуце.
Як паведамяле Associated Press, падаўшы заяву на перавод у Ель у студзені 2010, Уілер схлусіў, што працаваў у адной з гарвардзкіх лякарняў, а таксама падрабіў рэкамэндацыю ад дэкану свайго факультэту.
Як высьветліла камісія, насамрэч ашуканец 2 гады быў студэнтам аднаго з каледжаў у штаце Мэн і быў выключаны за акадэмічную непасьпяховасьць.
Цяпер у дачыненьні студэнта ўзбуджаная крымінальная справа. Ён вінаваціцца ў зьдзяйсьненьні 20 злачынстваў, у тым ліку крадзяжы, фальсыфікацыі асабістай інфармацыі і незаконным прысваеньні навуковай ступені. Часова Ўілкеру забаранілі займацца любой дзенасьцю ў галіне адукацыі. Якое пакараньне можа панесьці студэнт, не ўдакладняецца.