У Расеі heavy metal прызналі духоўна небясьпечным

Мэрыя расейскага Белгараду прапанавала мясцовым клюбам адмовіцца ад канцэртаў heavy metal гуртоў, бо яны зьяўляюцца «духоўна небясьпечнымі», і «ўзьдзейнічаюць на людзей ідэалягічна дэструктыўна». У Белгарадзе ўжо праводзяць паралелі з забаронамі савецкіх часоў.

Napalm Death in Minsk
У Белгарадзе чыноўнікі напужаныя сатаніскай пагрозай ад heavy metal. Мэталісты і прыхільнікі здаровага ладу жыцьця гурт Napalm Death, магчыма, ня хутка наведаюць Белгарад

Паводле дакумэнту, разасланага клюбам, кавярням і рэстарацыям мэрыяй Белгараду, уладальнікам гэтых установаў рэкамэндуецца «не дапускаць выдзяленьня пляцовак» для правядзеньня канцэртаў «цяжкай рок-музыкі ў стылі heavy metal».

Чыноўнікі ня здолелі патлумачыць, хто быў ініцыятарам забароны, піша Коммерсантъ. Аўтар дакумэнту, начальнік упраўленьня спажывецкага рынку мэрыі Белгараду Уладзімір Шаціла, кажа, што забарона рок-канцэртаў ініцыяваная ў межах распрацаванай губэрнатарам вобласьці Яўгенам Саўчанкам праграмы «па забесьпячэньні духоўнай бясьпекі Белгарадзкай вобласьці на 2010 году» і неабходны для «выкараненьня сатанінскай дзейнасьці».

«Мы проста выконвалі ўказаньні, якія паступаюць з абласной адміністрацыі. Не разьбіраюся я ў такой музыцы, але там папрасілі паспрыяць спыненьню сатанінскай дзейнасьці», — патлумачыў Уладзімір Шаціла.

У той жа момант іншыя чыноўнікі кажуць, што губэрнатар у сваёй праграме толькі рэкамэндаваў лепш прыглядацца да мэталістаў і спрабаваць зразумець іх. Аднак у аддзеле па ўзаемадзеяньню з рэлігійнымі арганізацыямі адміністрацыі ініцыятыву ўпадабалі:

«У нас у распараджэньні ёсьць публікацыі прафэсара Кандрацьева зь інстытуту імя Сэрбскага, які сьцьвярджае, што heavy metal узьдзейнічае на людзей ідэалягічна дэструктыўна. Выступы людзей, што ўцягваюць ў сатанінскую ідэалёгію, нам не даруюць бацькі тых, хто ходзіць на такія мерапрыемствы».

Уладальнікі мясцовых клюбаў не сьпяшаюцца выконваць загад. Спробай забароны heavy metal абурыліся нават камуністы:

«Мне такія лісты нагадваюць аб горшых баках савецкай сыстэмы, калі нельга было граць пэўную музыку на танцпляцах і таньчыць у абдымку, — кажа дэпутат Белгарадзкай думы камуніст Сяргей Дземчанка. — Калі хлопцы хочуць слухаць такую музыку і нікому пры гэтым не перашкаджаюць, абмяжоўваць іх немэтазгодна».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0568 seconds.